БЕ́РШТЫ,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Котра і на беразе воз. Берштаўскае. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Бершты» Гродзенскага ВА «Хваля». За 44 км на ПнЗ ад Шчучына, 55 км ад Гродна, 21 км ад чыг. ст. Парэчча. 240 ж., 110 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1460. У 15—16 ст. тут быў двор вял. князёў ВКЛ, у 1496 адбыўся сойм ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1886 — 936 ж., 117 двароў, нар. вучылішча, фельчарскі пункт. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Берштах 387 ж, 140 двароў.
У вёсцы базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства 19 ст. — царква. Каля Берштаў выяўлены стаянкі мезаліту, нёманскай культуры неаліту і бронзавага веку. У 1889 каля Берштаў знойдзены адзін з найб. манетных скарбаў 17 ст. на Беларусі (каля 6 тыс. манет).
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)