БЕРЫ́Л
(грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію ВеО, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)