АСЕЦІ́НЫ
(саманазва ірон, дыгарон),
нацыя, асн. насельніцтва Рэспублікі Паўн. Асеція (каля 300 тыс. чал.). Жывуць таксама ў Грузіі і інш. Усяго ў краінах СНД каля 542 тыс. чал. (1979). Гавораць на асецінскай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя, ёсць мусульмане-суніты.
т. 2, с. 28
АСЕ́ЦКІ
(Ossietzky) Карл фон (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),
нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.
Тв.:
Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;
Weimar, 1966.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 2, с. 28
АСЕ́ЦКІ Людвіг Пятровіч
(н. 9.5.1929, в. Продвіна Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, манум. жывапісу. Творы прысвечаны сучаснасці і гісторыі: «Горад будуецца» (1963), «Падполле Мінска» (1968), «Па матывах трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1973), «Жодзіна» (1976), «Прыпяцкія мелодыі» (1981), «Балада аб Лаўскім баі» (1982), «Памяць» (1984), «Мір на планеце» (1986—87), серыя «Замкнёнасць круга» (1993—94) і інш. Для станковых работ характэрны арыгінальныя кампазіцыйныя вырашэнні, абвостраная, амаль гратэскавая выразнасць малюнка, святлоценявыя кантрасты. Л.Ф.Салавей.
т. 2, с. 28
АСЕ́ЦЬ,
старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.
т. 2, с. 28
АСЁЛ
(Equus asinus),
млекакормячае роду коней атр. няпарнакапытных. Сустракаецца ва Усх. Афрыцы (Самалі, Эфіопія). Жыве ў пустынях і стэпах. 2 падвіды: асёл самалійскі (Equus asinus somalicus) і асёл нубійскі (Equus asinus africanus).
Выш. ў карку 1,1—1,4 м. Афарбоўка пясчана-шэрая з 2 цёмнымі палосамі, адна з якіх праходзіць уздоўж хрыбта і перасякаецца з другой на лапатках. Грыва невялікая, даходзіць толькі да вушэй. Хвост тонкі з кутасом доўгіх валасоў. Вушы 25—35 см. Трымаецца невял. табунамі. Корм раслінны. Прыручаны 5—6 тыс. г. назад у Егіпце і Эфіопіі. Ад дзікага асла паходзяць многія свойскія пароды, якія выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Пад пагрозай знікнення, у Чырв. кнізе МСАП.
т. 2, с. 28
АСІГНА́ЦЫІ
(польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),
расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.
т. 2, с. 29
АСІЕ́ЎСКІ Эрнст Уладзіміравіч
(н. 19.7.1939, Мінск),
бел. трэнер па фехтаванні на рапірах. Засл. трэнер Беларусі (1971), засл. трэнер СССР (1973), засл. дз. фізічнай культуры Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1961). З 1965 на трэнерскай рабоце. Сярод выхаванцаў А.Раманькоў, У.Лапіцкі і інш.
т. 2, с. 29
АСІКА́ГА,
2-я дынастыя ваенна-феад. правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1335 (1338)—1573. Улада Асікага была нетрывалая з-за ўзмацнення мясц. князёў (даймё). Міжусобныя войны, якія пачаліся з сярэдзіны 15 ст., прывялі краіну да распаду на асобныя незалежныя княствы. Апошні прадстаўнік дынастыі скінуты яп. палкаводцам Ода Набунага ў 1573.
т. 2, с. 29
АСІ́ЛАК,
герой многіх традыц. чарадзейных бел. казак, легендаў, паданняў. Валодае незвычайнай сілай: вырывае з каранямі дрэвы, кідае каменныя глыбы. Асілак выступае нар. заступнікам. Вобраз асілка сустракаецца, напрыклад, у казках пра Кацігарошка, Медзведзюка, Іллю Мурамца.
Бел. казкі пра асілкаў зазналі ўплыў мясц. легендаў і паданняў пра магутных волатаў. Казачны асілак блізкі да эпічнага волата (напр., Іван Падвей у аднайм. казцы «Беларускага зборніка» Е.Раманава, вып. 6). Казкі пра Асілкаў маюць некат. матывы стараж. былін.
Літ.:
Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;
Яго ж. Беларуская казка. Мн., 1969.
Л.Р.Бараг.
т. 2, с. 29
«АСІ́ЛАК»,
«Вялікі камень», помнік прыроды Беларусі. За 200 м на У ад в. Белая Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці. Ледавіковы валун ружовага граніту з авоідамі палявога шпату (выбаргіт). Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 35 м³, вага каля 90 т. Прынесены ледавіком з паўд. часткі Балтыйскага шчыта (ваколіц г. Выбарг Ленінградскай вобл.) каля 300 тыс. г. назад. У язычніцкія часы — культавы валун.
В.Ф.Вінакураў.
т. 2, с. 29