Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХА́РЫН Юрый Андрэевіч (н. 13.8.1930, с. Чаразера Валагодскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1973), праф. (1974). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі ун-т (1953). З 1957 у Куйбышаўскім інж.-буд. ін-це, з 1973 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. З 1976 заг. кафедры Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі, адначасова з 1995 гал. рэдактар час. «Чалавек. Грамадства. Свет». Навук. працы па праблемах дыялектыкі, метадалогіі навук. пазнання, сац. філасофіі, методыцы выкладання філас.-гуманіт. дысцыплін у вышэйшай і сярэдняй школе. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследавання актуальных тэарэтыка-метадалагічных праблем гуманізацыі грамадскіх адносін, сац. дзеяння, духоўна-культ. сінергіі сучаснага бел. грамадства. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар серыі навуч. дапаможнікаў па гуманістыцы.

Тв.:

Диалектика социального отрицания Мн., 1972;

Социальное действие. Мн., 1980 (у сааўт.);

Марксистская социальная диалектика. Мн., 1985;

Очерки философии социального действия. Мн., 1994 (у сааўт.);

Пятый круг бытия // Бел. думка. 1997. № 2;

Философия: Учеб. пособие для студентов вузов. 5 изд. Мн., 2002 (у сааўт.).

т. 16, с. 556

ХА́РЫН Юрый Сямёнавіч (н. 17.9.1949, с. Зыранскае Томскай вобл., Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Томскі ун-т (1971). З 1975 у БДУ (з 1988 заг. кафедры). Адначасова з 2000 дырэктар Нац. н.-д. цэнтра прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Навук. працы па тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыцы, статыст. аналізе даных і мадэліраванні, распазнаванні вобразаў. Развіў тэорыю рабаснага (устойлівага) статыст. распазнавання вобразаў. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Тв.:

Робастность в статистическом распознавании образов. Мн., 1992;

Устойчивость в кластер-анализе многомерных наблюдений. Мн., 1998 (разам з Я.​Я.​Жуком);

Математические основы криптологии. Мн., 1999 (разам з В.​І.​Бернікам, Г.​В.​Мацвеевым).

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 556

ХАРЫТАНО́ВІЧ Фёдар Мікалаевіч (19-9.1905, в. Нача Крупскага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1985),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н., праф. (1954). Скончыў Харкаўскі с.-г. ін-т (1926). У 1937—41 дырэктар Укр. НДІ агралесамеліярацыі (г. Харкаў). З 1948 ва Усесаюзным НДІ лесаводства і механізацыі лясной гаспадаркі. З 1969 у Гомельскім ун-це (заг. кафедраў). Навук. працы па біял. і экалагічных асаблівасцях дрэвавых і кустовых парод, заканамернасцях іх росту і аднаўлення, полеахоўных лясных палос.

Тв.:

Биология и экология древесных пород. М., 1968;

Биология и экология лиственных кустарников. Мн., 1975.

т. 16, с. 556

ХАРЫТО́Н Юлій Барысавіч (27.2.1904, С.-Пецярбург — 19.12.1996),

расійскі фізік і фізікахімік, заснавальнік навук. школы па фізіцы гарэння і выбуху. Акад. Рас. АН (1953, чл.-кар. 1946). Тройчы Герой Сац. Працы (1949, 1951, 1954). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1925). У 1921—31 у Фізіка-тэхн. ін-це АН СССР. У 1926—28 стажыраваўся ў Кавендышскай лабараторыі ў Э.​Рэзерфарда. З 1931 у Ін-це хім. фізікі АН СССР. З 1946 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па тэорыі выбуховых рэчываў. даследаванні крытычнай т-ры кандэнсацыі пары металаў, узаемадзеянні малекул з паверхняй цвёрдых цел, праблемах тэрмаядз. лазернага сінтэзу і ядз. энергетыкі. Разам з Я.Б.Зяльдовічам упершыню правёў разлік ланцуговай рэакцыі дзялення урану (1939). Адзін з удзельнікаў стварэння і ўдасканалення савецкай ядз. зброі. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1983).

Літ.:

Человек столетия Ю.​Б.​Харитон. М., 1999;

Ю.​Б.​Харитон: Путь длиною в век. М., 1999.

Ф.​Дз.​Папоў.

Ю.Б.Харытон.

т. 16, с. 556

ХАРЫТО́НЕНКА Яўген Міхайлавіч (16.7.1920, г. Кіраваград, Украіна — 19.11.1998),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1953). У 1955—57 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, y 1969—94 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў пераважна ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа. Яго работы вылучаюцца тонкім пачуццём колеру, дасканаласцю маст. форм, вытанчанасцю малюнка, багатымі тонавымі градацыямі. Сярод работ: «Студэнтка» (1967), «На родных прасторах. Янка Купала» (1968), партрэты бел. мастакоў А.​Анікейчыка (1976), В.​Шаранговіча (1980), У.​Басалыгі (1983); актрыс А.​Клімавай (1976, 1978), Л.​Давідовіч (1978), Н.​Галеевай (1982); М.​Танка (1983) і інш. пісьменнікаў; дзіцячыя партрэты «Леначка» (1960), «Школьніца» (1968), «Ганначка» (1982), «Салдаткі» (1995); пейзажы «Восень. Сонечны дзень» (1954), «Хата ў Кісялях» (1955), «Вясна» (1962), «Ваколіца» (1967), «На Полаччыне» (1976), «Зіма прыйшла» (1980) і інш., тэматычныя карціны «Няскораныя» (1964), трыпціх «Неспакойныя сэрцы» (1965—67) і нацюрморты.

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Харытоненка. Студэнтка. 1967.
Я.Харытоненка. Ружы. 1978.

т. 16, с. 556

ХАРЫТО́НЧЫК Зінаіда Андрэеўна (н. 18.3.1944, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1987). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1965) і працуе ў ім (цяпер Мінскі лінгвістычны ун-т). Даследуе праблемы агульнага мовазнаўства, лексічнай семантыкі і словаўтварэння ў герм. і слав. мовах. Аўтар манаграфій «Праблемы словаўтварэння ў сучаснай англійскай мове» (1983), «Прыметнік у лексіка-граматычнай сістэме сучаснай англійскай мовы» (1986), падручніка «Лексікалогія англійскай мовы» (1992) і інш.

т. 16, с. 557

ХАРЫ́ТЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дабрадзейныя багіні, якія ўвасабляюць добры, радасны, вечна юны пачатак жыцця. У розных міфах паходжанне, колькасць і імёны Х. адрозніваюцца, але паводле найб. пашыранай версіі гэта былі 3 дачкі Зеўса і акіяніды Эўрыномы: Аглая («якая ззяе»), Еўфрасіна («дабрамысная»), Талія («квітнеючая»). Найчасцей іх уяўлялі прыгожымі аголенымі дзяўчатамі. У стараж.-рым. міфалогіі Х. адпавядалі грацыі. У пераносным сэнсе Х. — дасканалыя прыгажуні.

Харыты Мармур. 3 ст. да н.э. Кірэна.

т. 16, с. 557

ХА́РЫУС ЗВЫЧА́ЙНЫ, харыус еўрапейскі (Thymallus thymallus),

рыба сям. харыусавых атр. ласосепадобных. Пашыраны ў рэках і некат. азёрах Еўропы. На Беларусі трапляецца ў чыстай вадзе ў вярхоўях рэк бас. Нёмана, Віліі і Зах. Буга. Нар. назвы — ліпень, ляпеня, хар’юз. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 50 см, маса да 1 кг. Цела верацёнападобнае, укрытае дробнай луской. Афарбоўка цела стракатая, асабліва ў самцоў у перыяд нерасту. На спіне, у верхняй ч. з бакоў, чорныя плямкі, па баках бураватыя палоскі. Парныя плаўнікі аранжавыя, няпарныя — фіялетавыя. Спінны плаўнік высокі, доўгі. Есць тлушчавы плаўнічок. Корміцца дробнымі доннымі жывёламі, ікрой рыб, насякомымі.

Л.​В.​Кірыленка.

Харыус звычайны.

т. 16, с. 557

...ХАРЫЯ,

...ХОР (ад грэч. chōreō прасоўваюся), другія састаўныя часткі складаных слоў, якія абазначалі пашырэнне, месца распаўсюджання (напр., біяхор, зоахарыя, мірмекахарыя).

т. 16, с. 557

ХАРЫЯІДЫ́Т (ад новалац. chorioidea сасудзістая абалонка вока),

запаленне сасудзістай абалонкі вока. Звычайна ўзбуджальнік пранікае ў сасудзістую абалонку гематагенным шляхам. Падзяляецца на ачаговы (асобныя абмежаваныя запаленчыя ачагі) і дыфузны (буйны запаленчы ачаг). Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 557