Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСТРА́НЦЫЯ

(Astrantia),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, на Каўказе і ў М. Азіі. На Беларусі 1 дзікарослы — астранцыя вялікая (Astrantia major), трапляецца ў Белавежскай пушчы і ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці (занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) і 4 інтрадукаваныя віды — астранцыя найвялікшая (Astrantia maxima), трохнадрэзаная (Astrantia trifida), Біберштэйна (Astrantia biebersteinii), калхідская (Astrantia colchida), вырошчваюцца ў Цэнтр. бат. садзе АН.

Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце пальчата-раздзельнае (прыкаранёвае доўгачаранковае, сцябловае амаль сядзячае). Кветкі тычынкавыя і двухполыя, у простых парасоніках з буйнымі афарбаванымі звонку лісцікамі абгорткі. Плод — падоўжана-цыліндрычны віслаплоднік. Дакар., лек. і меданосныя расліны; некаторыя ядавітыя.

т. 2, с. 52

АСТРАСПЕКТРО́ГРАФ,

прылада для рэгістравання спектраў выпрамянення нябесных целаў. Устанаўліваецца ў фокусе тэлескопа. Канструкцыя сістэмы тэлескоп — астраспектрограф робіцца жорсткай, каб пазбегнуць зрушэння відарыса. Спектральнае раскладанне святла атрымліваюць пры дапамозе прызмы аптычнай, дыфракцыйнай рашоткі. Спектр фатаграфуюць або рэгіструюць фотаэлектрычнымі прыёмнікамі святла. Астраспектрограф дае магчымасць вызначаць хім. састаў нябесных целаў, скорасць іх руху ўздоўж праменя зроку, наяўнасць магн. поля і інш.

т. 2, с. 53

АСТРАЎКІ́,

возера ў Беларусі, у Лепельскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,54 км², даўж. 1,74 км, найб. шыр. 0,92 км, найб. глыб. 12,7 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 102 км².

Схілы катлавіны выш. 4—6 м, на З да 15 м. Берагі невысокія, на ПнУ і ПнЗ зліваюцца са схіламі. 2 астравы агульнай пл. 0,1 га. Дно глыб. да 1,5—2 м (каля зах. і ўсх. берагоў да 3—4 м) пясчанае, глыбей глеістае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. да 25 м. Упадае ручай з воз. Рагоўскае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.

т. 2, с. 53

АСТРАЎЛЯ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Вайханскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 16 км на ПдЗ ад Гарадка, 50 км ад Віцебска, 18 км ад чыг. ст. Гарадок. 287 ж., 112 двароў (1995). Б-ка, Дом культуры, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 53

АСТРАЎНЫ́Я ДУ́ГІ,

дугападобныя горныя збудаванні, якія аддзяляюць катлавіны ўскраінных мораў ад глыбакаводных жалабоў. Асновай астраўным дугам служаць падводныя хрыбты (шыр. 40—400 км, даўж. да 1000 км і больш), пераважна вулканічныя, са шматлікімі вяршынямі, што выступаюць над узр. м. ў выглядзе град або «гірлянды» а-воў (напр., Алеуцкія, Курыльскія, Японскія а-вы). Звычайна арыентаваны паралельна глыбакаводным жалабам. Для астраўных дуг уласцівы рэзка дыферэнцыраваныя гравітацыйныя і магнітныя палі, павышаныя значэнні цеплавога патоку, інтэнсіўны вулканізм і сейсмічнасць. Паміж астраўнымі дугамі і глыбакаводным жолабам размешчана зона канцэнтрацыі землетрасенняў — зона Беньёфа — Заварыцкага, якая сыходзіць пад астраўныя дугі.

т. 2, с. 53

АСТРАЎНЫ́Я Е́ЛЬНІКІ,

абмежаваныя месцы росту елкі еўрапейскай за межамі яе арэала. Вядомы на Пд Беларусі (Палессе). Вызначаюцца своеасаблівымі мікракліматычнымі і глебава-гідралагічнымі ўмовамі і фітацэнатычнай структурай. У складзе іх дрэвастою пераважае карпацкая раса елкі еўрапейскай (Picea abies subsp. acuminata), для якой характэрны хуткі рост. Выяўлены 31 Астраўныя ельнікі агульнай пл. Каля 10 тыс. га. Гарбавіцкія і Добрушскія (Гомельская вобл.), Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія (Брэсцкая вобл.) Астраўныя ельнікі абвешчаны помнікамі прыроды рэсп. значэння.

т. 2, с. 53

АСТРАЎЦЫ́,

возера ў Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 36 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,92 км², даўж. 2,58 км, найб. шыр. 0,3 км. Зарастае. Праз возера цячэ р. Дрыса (злучае яго з азёрамі Дрыса і Сіньша).

т. 2, с. 53

АСТРАФІ́ЗІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш. Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.А.Белапольскі, М.М.Гусеў, Ф.А.Брадзіхін, В.Я.Струвэ, Г.А.Ціхаў (Расія), Г.Фогель, К.Шварцшыльд (Германія), У.Кэмпбел, Э.Пікерынг, Э.Хабл (ЗША), А.Эдынгтан (Англія), В.А.Амбарцумян (СССР) і інш. Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).

Літ.:

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

Ю.М.Гнедзін.

т. 2, с. 53

АСТРАФІЛІ́Т

(ад астра... + грэч. phyllon ліст),

пародаўтваральны мінерал, тытанацырконасілікат (K, Na)3 (Mn, Fe)7 Ti2 (O, OH, F)7 [Si4O12]2. Састаў зменлівы. Прымесі барыю, магнію і інш. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя, ігольчастыя, агрэгаты зблытанавалакністыя. Колер залаціста-буры, бронзава-жоўты. Бляск бронзавы. Цв. 2—3. Шчыльн. 3,3—3,4 г/см³. Крохкі. Характэрны мінерал нефелінавых сіенітаў і іх пегматытаў.

т. 2, с. 53

АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.Коласа, «Янук Сяліба» М.Танка, «Нянавісць» П.Панчанкі).

В.П.Рагойша.

т. 2, с. 53