АСЕ́МБЛЕР
(англ. Assembler),
сістэма праграмавання, што дазваляе складаць праграмы ЭВМ у тэрмінах камандаў машыннай мовы, але з выкарыстаннем больш зручнай сістэмы абазначэнняў. Пры запісе праграмы дазваляецца карыстацца сімвалічнымі абазначэннямі камандаў, адрасоў ячэек памяці, спасылак і інш. Праграма можа складацца з асобна напісаных кавалкаў, у тым ліку бібліятэчных падпраграм. Асемблер робіць размеркаванне памяці, пераўтварае сімвалічныя абазначэнні ў адпаведныя машынныя коды, у выніку чаго праграма набывае выгляд, прыдатны да выканання на ЭВМ.
т. 2, с. 27
АСЕМЯНЕ́ННЕ,
працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.
т. 2, с. 27
АСЕ́НАЎГРАД,
горад на Пд Балгарыі, у Радопах. 61 тыс. ж. (1990). Цэнтр вінаробства і тытуняводства. Машынабудаванне, хім. прам-сць. Каля Асенаўграда свінцо-вацынкавы з-д і ГЭС. Да 1934 наз. Станімака. Каля горада руіны Асенавай крэпасці (11—13 ст.) з царквой 12 ст., Бачкоўскі манастыр (11—19 ст., з размалёўкай 12—19 ст.), царква (14 ст.).
т. 2, с. 27
АСЕ́НІ,
дынастыя балг. цароў у перыяд Другога Балг. царства (1187—1280). Засн. балярамі (баярамі) Асенем і Пятром, якія кіравалі паўстаннем 1185—87 супраць візант. панавання ў Балгарыі.
Прадстаўнікі Асеняў: Асень І [1187—96], яго брат, цар-суправіцель, Пётр І [1187—97], Калаян [1197—1207], Борыл [1207—18], Іван Асень II [1218—41], Каліман І [1241—46], Міхаіл І Асень [1246—56], Каліман II [1256—57], Канстанцін Асень Ціх [1257—77], Міхаіл II Асень [1277—79], Іван Асень III (1279—80; уцёк у Візантыю, пасля гэтага дынастыя Асеняў перастала існаваць).
т. 2, с. 27
АСЕНІЗА́ЦЫЯ
(ад франц. assainissement),
спосаб ачысткі неканалізаваных населеных месцаў ад нечыстотаў і адкідаў. Уключае іх збор, часовае захоўванне, вываз у вызначаныя месцы, абясшкоджванне ці утылізацыю.
т. 2, с. 27
А́СЕНКАВА Варвара Мікалаеўна
(22.4.1817, С.-Пецярбург — 1.5.1841),
руская актрыса. З 1835 у Александрынскім т-ры. Выканаўца роляў у вадэвілях і травесці: юнкер Лелеў («Гусарская стаянка, або Плата той жа манетай» В.Арлова), Габрыэль («Дзяўчына-гусар» Ф.Коні), а таксама ў драм. рэпертуары: Эсмеральда (паводле рамана В.Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»), Афелія («Гамлет» У.Шэкспіра). Першая выканаўца роляў Мар’і Антонаўны («Рэвізор» М.Гогаля) і Соф’і («Гора ад розуму» А.Грыбаедава).
т. 2, с. 27
АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ,
штрэйфлінг, штрыфель, старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.
Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.
т. 2, с. 28
А́СЕР
(Asser) Тобіяс (28.4.1838—29.7.1913),
галандскі дзярж. дзеяч, юрыст. Скончыў Амстэрдамскі ун-т (1860). Праф. міжнар. і камерцыйнага права. Адзін з заснавальнікаў Ін-та міжнар. права ў Генце (1871, Бельгія). Распрацаваў законы аб грамадзянскіх правах, выдачы злачынцаў і інш. Аўтар прыкладных прац па міжнар. праве, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў канферэнцый у Гаазе 1899 і 1907 па міжнар. праве. Нобелеўская прэмія міру (1911, сумесна з А.Фрыдам).
т. 2, с. 28
АСЕТРАПАДО́БНЫЯ
(Acipenseriformes),
атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.
Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.
т. 2, с. 28
АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр. Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.
Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у тым ліку змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.М.Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.
т. 2, с. 28