Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кампанава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.

Складаць цэлае з асобных частак. Кампанаваць зборнік артыкулаў. Кампанаваць чарговы нумар газеты. Кампанаваць карціну.

[Ад лац. componare — складаць.]

кампанава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., з кім.

Разм. Быць у таварыскіх адносінах, вадзіць кампанію. Дзед любіў Уладзіка і кампанаваў з ім болей, чым з іншымі. Колас.

кампане́йскі 1, ‑ая, ‑ае.

Які любіць быць у кампаніі, падтрымлівае кампанію (у 1 знач.). Чалавек ён .. па характару свайму — лагодны, кампанейскі, любіць сустрэцца з людзьмі, пагаманіць. Кулакоўскі.

кампане́йскі 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Бессістэмны, выпадковы, непланамерны (пра арганізацыю работы). Кампанейскія метады работы.

кампане́йшчына, ‑ы, ж.

Разм. Пра бессістэмную нерэгулярную арганізацыю грамадскай або вытворчай работы.

кампане́нт, ‑а, М ‑яце, м.

Кніжн. Састаўная частка чаго‑н. Кампаненты хімічнага злучэння. Кампанент сказа.

[Ад лац. componens, componentis — састаўная частка.]

кампа́нія 1, ‑і, ж.

1. Група асоб, звычайна блізка знаёмых, якія разам праводзяць вольны час. Усёй кампаніяй хлопцы і дзяўчаты рушылі на Румавую вуліцу і выйшлі на бераг Нёмана. С. Александровіч. Да зімы кампанія наша спакваля разбрылася па свеце: хто пайшоў на фронт, хто на вучобу, каго перавялі ў іншы раён. Брыль.

2. Капіталістычнае прамысловае або гандлёвае таварыства, якое аб’ядноўвае прадпрыемцаў. Акцыянерная кампанія. Параходная кампанія. Чыгуначная кампанія. // У назве такога таварыства — абазначэнне яго членаў (на пісьме скарочана К°), якое далучаецца да прозвішча афіцыйнага кіраўніка.

•••

За кампанію — разам з другімі, толькі таму, што тое самае робяць іншыя.

Не кампанія каму хто — не падыходзіць каму‑н. як сябра, прыяцель.

Цёплая кампанія — цесна звязаная група людзей, што сумесна праводзяць час за якім‑н. непахвальным заняткам.

кампа́нія 2, ‑і, ж.

1. Сукупнасць ваенных аперацый, аб’яднаных агульнай стратэгічнай мэтай; ваенны паход. Крымская кампанія. Японская кампанія.

2. Перыяд знаходжання карабля ў плаванні. Летняя марская кампанія.

3. Сукупнасць мерапрыемстваў для ажыццяўлення якой‑н. важнай грамадска-палітычнай або гаспадарчай задачы. Выбарчая кампанія. Страхавая кампанія. Пасяўная кампанія. Разгарнуць кампанію.

[Фр. campagne.]

кампано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кампанаваць ​1.

кампаньён, ‑а, м.

1. Той, хто складае кампанію каму‑н., разам з кім‑н. удзельнічае ў чым‑н. Фёдар Міхайлавіч Мешчаракоў спяшаўся на аб’ект, і я папрасіўся да яго ў кампаньёны. Дадзіёмаў. Міхась іграць перастаў, а за ім змоўклі галасы і яго кампаньёнаў. Скрыган.

2. Член прамысловай або гандлёвай кампаніі.

[Фр. compagnon.]

кампаньёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Жан. да кампаньён (у 1 знач.).

2. Жанчына, якую наймалі ў панскі дом развесяляць і выконваць розныя даручэнні пані і паненак.

кампаньёнскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кампаньёна, кампаньёнаў, уласцівы ім. Кампаньёнскія адносіны. Кампаньёнскія абавязкі.

кампаньёнства, ‑а, н.

Адносіны паміж кім‑н., заснаваныя на ўдзеле ў адной кампаніі, агульнай справе і пад. У крамах і ў духанах пачалі расказваць, што Сімон выхваляецца сваім кампаньёнствам з Лачулія. Самуйлёнак. Заставалася прыдумаць хіба яшчэ якую прычыну, каб адмовіцца ад Мішавага кампаньёнства. Якімовіч.