кампанія 1, ‑і, ж.
1. Група асоб, звычайна блізка знаёмых, якія разам праводзяць вольны час. Усёй кампаніяй хлопцы і дзяўчаты рушылі на Румавую вуліцу і выйшлі на бераг Нёмана. С. Александровіч. Да зімы кампанія наша спакваля разбрылася па свеце: хто пайшоў на фронт, хто на вучобу, каго перавялі ў іншы раён. Брыль.
2. Капіталістычнае прамысловае або гандлёвае таварыства, якое аб’ядноўвае прадпрыемцаў. Акцыянерная кампанія. Параходная кампанія. Чыгуначная кампанія. // У назве такога таварыства — абазначэнне яго членаў (на пісьме скарочана К°), якое далучаецца да прозвішча афіцыйнага кіраўніка.
•••
За кампанію — разам з другімі, толькі таму, што тое самае робяць іншыя.
Не кампанія каму хто — не падыходзіць каму‑н. як сябра, прыяцель.
Цёплая кампанія — цесна звязаная група людзей, што сумесна праводзяць час за якім‑н. непахвальным заняткам.
кампанія 2, ‑і, ж.
1. Сукупнасць ваенных аперацый, аб’яднаных агульнай стратэгічнай мэтай; ваенны паход. Крымская кампанія. Японская кампанія.
2. Перыяд знаходжання карабля ў плаванні. Летняя марская кампанія.
3. Сукупнасць мерапрыемстваў для ажыццяўлення якой‑н. важнай грамадска-палітычнай або гаспадарчай задачы. Выбарчая кампанія. Страхавая кампанія. Пасяўная кампанія. Разгарнуць кампанію.
[Фр. campagne.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)