Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

камендату́ра, ‑ы, ж.

Установа, якую ўзначальвае камендант (у 1, 2 знач.), а таксама памяшканне, у якім знаходзіцца такая ўстанова. На доме.. з явілася шыльда з кароткім, але гучным надпісам «Мясцовая камендатура». Лынькоў.

[Ад ням. Kommandantur.]

камендо́р, ‑а, м.

Матрос-спецыяліст, які абслугоўвае артылерыйскія ўстаноўкі на караблях і ў часцях Ваенна-Марскога Флоту; марскі артылерыст.

[Англ. commander.]

камендо́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камендора.

камене... (а таксама каменя...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову камень, напрыклад: каменеапрацоўчы, каменедрабілка.

каменедрабі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Машына для драблення камення і інш. горных парод.

каменедрабі́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для драблення камення і інш. горных парод. Каменедрабільны агрэгат.

каменеўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ўборкі камянёў. Каменеўборачная машына.

ка́менка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Печ у лазні, складзеная з камення. Насця папырскала венікам каменку — у прылазнік шыбанула сухая гарачая пара. Асіпенка.

каменнаву́гальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каменнага вугалю, звязаны з яго здабычай. Каменнавугальная смала. Каменнавугальныя шахты. Каменнавугальная прамысловасць.

каме́нне, ‑я, н., зб.

Камяні. Час ад часу падковы непрыемна звякаюць па каменні. Камення тут шмат. Брыль. На гэтым ручайку выкапалі сажалку, аблажылі яе берагі каменнем. Колас.

•••

Закідаць каменнем гл. закідаць.