Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

касмапла́ванне, ‑я, н.

Тэорыя і практыка перамяшчэння ў касмічнай прасторы на спецыяльных лятальных апаратах. Гісторыя касмаплавання.

касмапо́рт, ‑а, М ‑рце, м.

Месца ўзлёту касмічных караблёў.

касмапрахо́дзец, ‑дца, м.

Касманаўт.

касма́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгай густой поўсцю; лахматы. Касматы сабака. Касматы мядзведзь. □ На загнетку, прыпёршыся да засланкі, дрэмле касматая, падобная на лісу, кошка. Чыгрынаў. // Зроблены са шкуры з доўгай і густой поўсцю (пра адзенне). Касматая шапка. Касматы кажух.

2. Аброслы доўгімі валасамі; валасаты. Касматая галава. □ [Адам Блецька] аброс і схуднеў, стаў касматы і страшны. Чорны. // Растрапаны, ускудлачаны (пра валасы). Касматая барада. Касматыя валасы.

3. Пакрыты ворсам, кароткімі валаскамі (пра тканіну). Касматы ручнік.

4. перан. З густым, няроўным лісцем, веццем. Глухой сцяной .. касматага хвойніку пачынаўся балотны лес. Галавач. Глуха шумелі, стагналі касматыя яліны. Лынькоў. // Які мае выгляд шматкоў, касмыкоў, з краямі ў выглядзе шматкоў (пра туман, воблакі і пад.). Узрываліся самалётныя бакі, высока ўскідваючы касматыя лапы агню. Лынькоў.

касмафі́зік, ‑а, м.

Спецыяліст па касмічнай фізіцы.

касмафізі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да касмічнай фізікі.

касмахі́мік, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне касмахіміі.

касмахі́мія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае хімічны састаў касмічных цел і акаляючай іх прасторы, а таксама хімічныя працэсы, што працякаюць у космасе.

касмаце́нне, ‑я, н.

Разм. Тое, што і касмаццё.

касма́ціцца, ‑маціцца; незак.

Станавіцца, быць касматым. — Нітку няроўна кладзеш, — заўважыла Люда.. — Адна выпадзе — усе астатнія касмацяцца. Савіцкі.