Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

камары́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камара, уласцівы яму. Камарыны ўкус. □ Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам. Бялевіч.

камарэ́ча, ‑ы, ж., зб.

Разм. Камары. Так і ляжыць .. [балота], засланае прэллю гнілых туманоў, поўнае машкары, камарэчы, разносячы заразу. Колас.

камаса́цыя, ‑і, ж.

Гіст. Аб’яднаяне некалькіх дробных зямельных надзелаў сялян у адно цэлае з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы. На гэтай роўнядзі сям-там тырчалі, як дулі на талерцы, хутары, каторыя яшчэ з часоў сталыпіншчыны, а каторыя — вынік камасацыі. Сабаленка. Пачалася камасацыя, перадзел зямлі. Дуброўскі.

[Ням. Kommassation.]

камато́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да комы ​1. Каматозны стан.

кама́шы, ‑аў; адз. камаш, ‑а, м.

Разм. уст. Мужчынскія чаравікі, туфлі (першапачаткова чаравікі з гумавымі ўстаўкамі па баках, без шнуроўкі). Хлопец чамусьці прыбраўся як на вечарынку: цёмна-шэрыя каверкотавыя штаны навыпуск.., старанна наглянцаваныя камашы. Хадкевіч. Міхалка падняў нагу і паказаў жоўтыя падношаныя камашы на тоўстай скураной падэшве. Ермаловіч.

камбаджы́ец,

гл. камбаджыйцы.

камбаджы́йка,

гл. камбаджыйцы.

камбаджы́йцы, ‑аў; адз. камбаджыец, ‑джыйца, м.; камбаджыйка, ‑і, ДМ ‑жыйцы; мн. камбаджыйкі, ‑жыек; ж.

Ранейшая назва кампучыйцаў.

камба́йн, ‑а, м.

Складаная машына, якая адначасова выконвае работу некалькіх машын або механізмаў. Збожжаўборачны камбайн. Сіласаўборачны камбайн. Горны камбайн. Самаходны камбайн. Тэкстыльны камбайн замяняе прадзільную, круцільную і сушыльную машыну. □ Цапы на сяле заглушыўшы, Бушуе камбайн-малатарня. Купала.

[Англ. combine.]

камбайнабудава́нне, ‑я, н.

Галіна машынабудавання, якая вырабляе камбайны.