Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кальцава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кальцаваць. Кальцаванне птушак. Кальцаванне ствала дрэва.

2. Злучэнне электрастанцый у адзіную энергасістэму.

кальцава́цца, ‑цуецца; незак.

Зал. да кальцаваць.

кальцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., каго-што.

1. Надзяваць мечаныя кольцы на лапкі птушак або хвасты рыб для даследавання напрамку і скорасці іх перамяшчэння, працягласці жыцця і інш. Кальцаваць пералётных птушак.

2. Рабіць кругавы зрэз кары або надзяваць на ствол дрэва драцяныя кольцы з мэтай запаволіць рост і павялічыць плоданашэнне, надаць пэўную форму кроне і інш.

3. Абмазваць укругавую ствол дрэва смалой для аховы яго ад шкодных насякомых, чарвей і інш.

кальцавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да кальца (у 1 знач.). Кальцавая форма.

2. Які мае выгляд кальца; кругавы. Кальцавая магістраль горада.

кальцо́, а́; мн. ко́льцы (з ліч. 2, 3, 4 кальцы́), ко́льцаў; н.

1. Прадмет, звычайна металічны, які мае форму вобада, абруча, акружнасці. Па баках ад яе [варонкі] пагойдваліся скручаныя кольцы калючага дроту. Пятніцкі. Каб зрабіць.. [бугая] больш-менш паслухмяным, яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны. Рвануў Даніла Ланцугі, І кольцы трэснулі са звонам. Колас. // мн. (ко́льцы, ‑аў). Гімнастычны снарад, які складаецца з двух падвешаных абручоў.

2. чаго. Тое, што мае форму такога прадмета. Дзед Мірон закурвае люльку, з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму, усё роўна бы паравоз, і ціха ўсміхаецца. Даніленка. // Тое, што абкружае, апаясвае, замыкае што‑н. або каго‑н. Кальцо блакады. □ Эвакуіраваныя чырвоныя прарваліся праз кальцо белых, кальцо, што сцягвалася наўкол горада. Мікуліч. Цяжка было зразумець, як яны [партызаны] змаглі вырвацца з кальца, знішчальнага агню. Брыль.

3. Канцавы пункт трамвайнага, аўтобуснага і інш. маршрутаў, дзе робіцца паварот для прадаўжэння шляху ў зваротным напрамку. Трамвайнае кальцо. Кальцо тралейбуса. Даехаць да кальца.

ка́льцыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кальцыю, змяшчае кальцый. Кальцыевыя солі. Кальцыевы сплаў. Кальцыевая салетра.

ка́льцый, ‑ю, м.

Хімічны элемент, метал серабрыста-белага колеру, які ўваходзіць у састаў вапнякоў, мармуру і інш.

[Ад лац. calx, calcis — вапна.]

кальцына́цыя, ‑і, ж.

Праграванне або абпальванне рэчываў з мэтай іх акіслення, разлажэння і інш. Кальцынацыя вапняку.

кальцыні́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кальцыніраваць; кальцынацыя.

кальцыні́раваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кальцыніраваць.

2. у знач. прым. Які прайшоў кальцынацыю. Кальцыніраваная сода.