кальцо́,а́; мн. ко́льцы (з ліч. 2, 3, 4 кальцы́), ко́льцаў; н.

1. Прадмет, звычайна металічны, які мае форму вобада, абруча, акружнасці. Па баках ад яе [варонкі] пагойдваліся скручаныя кольцы калючага дроту. Пятніцкі. Каб зрабіць.. [бугая] больш-менш паслухмяным, яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны. Рвануў Даніла Ланцугі, І кольцы трэснулі са звонам. Колас. // мн. (кольцы, ‑аў). Гімнастычны снарад, які складаецца з двух падвешаных абручоў.

2. чаго. Тое, што мае форму такога прадмета. Дзед Мірон закурвае люльку, з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму, усё роўна бы паравоз, і ціха ўсміхаецца. Даніленка. // Тое, што абкружае, апаясвае, замыкае што‑н. або каго‑н. Кальцо блакады. ▪ Эвакуіраваныя чырвоныя прарваліся праз кальцо белых, кальцо, што сцягвалася наўкол горада. Мікуліч. Цяжка было зразумець, як яны [партызаны] змаглі вырвацца з кальца, знішчальнага агню. Брыль.

3. Канцавы пункт трамвайнага, аўтобуснага і інш. маршрутаў, дзе робіцца паварот для прадаўжэння шляху ў зваротным напрамку. Трамвайнае кальцо. Кальцо тралейбуса. Даехаць да кальца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)