Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калы́м, ‑у, м.

1. Выкуп, які ўносіцца жаніхом бацькам нявесты (у некаторых народаў Усходу, што захоўваюць перажыткі радавога быту). Пастух дзяўчыну пакахаў, А даць не мог калым багаты. Пысін.

2. Разм. Лёгкі пабочны заробак. — Цэлы вечар толькі і гаворкі — дзе тут больш зарабляюць, куды б гэта ўлезці, каб калым быў.., — пагардліва крывіў губы Грыша. Місько.

[Цюрк.]

калыма́га, ‑і, ДМ ‑мазе, ж.

Даўнейшая карэта з высока размешчаным кузавам. // Іран. Пра вялікія грузныя нязграбныя калёсы. Я і не звярнуў увагі, што мне насустрач грукоча ламавая калымага, ды гэтак грукоча, што аж зямлю, здаецца, скаланае. Сабаленка. На дарогу выпаўзла нязграбная калымага з двума вялікімі каламі. Б. Стральцоў.

калы́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

Разм. Падзарабляць незаконным шляхам.

калы́мшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто калыміць, падзарабляе незаконным шляхам. Нават падзёншчыкі, калымшчыкі — не адпетыя. Калі трэба, дзень і ноч не злезуць з рыштавання, заткнуць прарыў, працэнт дадуць. Навуменка.

калы́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць. Маці дзяўчынкі .. падышла да калыскі, падвешанай да столі. Шахавец. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль.

2. перан. Месца, дзе што‑н. узнікла і атрымала развіццё. Навагрудак і Навагрудчына сталі калыскай генія вялікага польскага паэта [А. Міцкевіча]. Лойка. Вось ён, Пецярбург! .. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Гартны.

3. Вісячы памост для падымання на вышыню рабочых, будаўнічых матэрыялаў і інш., а таксама для работы на вышыні. Вунь высока пад дахам ў хісткіх калысках Аздабляюць фасады майстры-маляры... Звонак.

•••

Ад (з) калыскі — змалку, з дзіцячых гадоў. Ад калыскі да магілы Выціскалі сокі, Кроў пілі, цягнулі жылы Каты-крывасмокі. Крапіва.

калыха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Песня, якую спяваюць, калышучы дзіця. Глухаватым, асіплым голасам ён запеў калыханку: — Люлі-люлі, люлі-люлі... Усе курачкі паснулі. Лынькоў. І маці так, застаўшыся з сынком, пакорміць і спявае калыханку. Дубоўка.

калыха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калыхаць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. калыхацца. Прывычнае вока ўлавіла лёгкае калыханне рэдкага ценю. Гартны. Прапусціў ён [Ігнась] міма сябе роту вайсковых, прасачыў за калыханнем іх вастраверхіх шапак. Чорны. На сонныя шэпты, на траў калыханне Наладжваць ліру яшчэ не пара! Гілевіч.

калыха́цца, ‑лышуся, ‑лышашся, ‑пытацца; незак.

Мерна рухацца зверху ўніз або з боку ў бок; гайдацца, хістацца. Сытыя ад мёду пчолы падалі на пахучыя краскі і калыхаліся на лёгкіх іхніх сцяблах, упіваючыся салодкім ліпкім мёдам. Галавач. Лодка калыхалася на глыбокіх хвалях, калі Даніла плыў па возеры. Пестрак. // Чуцца, разносіцца (пра гукі). А выйдзеш летняй раніцай у поле — Раса і сінія званочкі на мяжы, І песні, што калышуцца ў прыволлі. Тарас.

калыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; незак., каго-што.

1. Мерна рухаць зверху ўніз або з боку ў бок; гайдаць, хістаць. Ветрык паволі калыхаў у руцэ лісток пісьма. Алешка. Там, у бяскрайняй вышыні, вецер калыхаў сцягі. Шамякін. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі.

2. чым. Рабіць чым‑н. мерныя павольныя рухі; ківаць. Калыхаць нагою.

3. Гайдаючы калыску, спяваючы калыханку, усыпляць (дзіця). За.. пераборкаю батрачка Матруна калыша дзіця маладой пары. Гарэцкі. // Навяваць сон (пра гукі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Парушаць, абуджаць (цішыню, спакой). Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Не салоўка голасам пявучым Над ракой калыша ціхі гай. З нар. // Парушаць душэўны спакой, хваляваць. Сцёпка доўга стаяў, любуючыся горадам, і нейкае новае адчуванне калыхала яго, прыцягвала да гэтага горада і ў той жа час палохала і непакоіла. Колас.

калыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да калыхацца.