калыхаць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; незак., каго-што.

1. Мерна рухаць зверху ўніз або з боку ў бок; гайдаць, хістаць. Ветрык паволі калыхаў у руцэ лісток пісьма. Алешка. Там, у бяскрайняй вышыні, вецер калыхаў сцягі. Шамякін. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі.

2. чым. Рабіць чым‑н. мерныя павольныя рухі; ківаць. Калыхаць нагою.

3. Гайдаючы калыску, спяваючы калыханку, усыпляць (дзіця). За.. пераборкаю батрачка Матруна калыша дзіця маладой пары. Гарэцкі. // Навяваць сон (пра гукі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Парушаць, абуджаць (цішыню, спакой). Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Не салоўка голасам пявучым Над ракой калыша ціхі гай. З нар. // Парушаць душэўны спакой, хваляваць. Сцёпка доўга стаяў, любуючыся горадам, і нейкае новае адчуванне калыхала яго, прыцягвала да гэтага горада і ў той жа час палохала і непакоіла. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)