калупа́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. калупаць, калупацца.
калупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы што‑н. [Дзеці] калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак. Маўр. Чухноўскі ўзяў запалку з парабка.., што ляжаў на стале, і стаў калупацца ёю ў люльцы. Пестрак. // перан. Корпацца ў чым‑н., важдацца з чым‑н. Хлапец.. пусціўся на святло і хутка ўбачыў, што шафёр нечага калупаецца ў маторы. Кулакоўскі. Камера лопнула, і.. [Міхась] доўга калупаўся з колам. Кавалёў.
2. перан. Займацца справай, якая патрабуе карпатлівай, працяглай працы; рабіць што‑н. няўмела і марудна. З самага ранку і да вечара калупаўся Мікіта ля хаты, каля стагоў і хлява. Галавач. // у чым. Залішне старанна аналізаваць, разбіраць што‑н. нязначнае, дробязнае. Нецікава было весці далей гутарку ў гэтым тоне і калупацца ў людскім брудзе. Колас.
калупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм.
1. Падчэпліваючы чым‑н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што‑н.; рабіць у чым‑н. паглыбленне. Калупаць тынкоўку. □ [Рымша] палкаю выводзіць літары, калупае зямлю каля сцяны млына. Гурскі. [Даніла] збянтэжана калупаў відэльцам хлебную скарынку. Дуброўскі. // Капаць, ускопваць. «Рана бабка свае градкі калупае», — падумаў [Васіль]. Шамякін. — Ну, тайга, дык тайга, нарабілі мы сабе курані і пачалі сяк-так сек[чы] лес ды калупаць зямлю паміж пнёў. Галавач. // а таксама чым і без дап. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы адтуль што‑н. Пшыбыцкі сеў, пачаў калупаць нейкай трэсачкай у зубах. Курто.
2. перан. Разм. (у спалучэнні са словамі «зямля», «зямелька» і пад.). Займацца земляробствам, весці гаспадарку. [Змітрок:] А з мяне даволі таго, што я ёсць: што ж будзе, калі ўсе ў прафесары пададуцца? А зямельку хто будзе калупаць? Губарэвіч. Я ніколі не памятаю .. [бацькі] за плугам ці з касой у руках, хаця, відаць, і ён часамі калупаў зямлю. Корбан.
калупну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. Аднакр. да калупаць. — Дзверы філёнчатыя, з чорнага дубу зробленыя. Я нават пазногцем калупнуў, ці цвёрдыя. Дык як з жалеза. Сабаленка.
2. перан. Глыбей разабрацца ў кім‑, чым‑н., заглянуць у сутнасць каго‑, чаго‑н. — Калупні паляўнічага, — манюка. Паскрабі рыбалова, — лускі, як на тым шчупаку. Гурскі. — А што, залаценькія, каб гэтага самага Загароўскага Малаха калупнуць... Зарэцкі.
3. перан. Паддзець, падсмяяць у размове, падкалупнуць. — Кожнага, хто любіць прыгожыя рэчы, ты жыць не можаш, каб не калупнуць. Паслядовіч.
калчада́н, ‑у, м.
Агульная назва мінералаў, якія з’яўляюцца сярністымі, мыш’яковістымі, а таксама сурмяністымі злучэннямі металаў (жалеза, медзі і інш.). Серны калчадан. Жалезны калчадан. Медны калчадан.
калчада́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да калчадану. Калчаданны газ. // Які змяшчае ў сабе калчадан. Калчаданная руда.
калча́н, ‑а, м.
Скураная або драўляная сумка, чахол для стрэл. Напоўніць калчан стрэламі.
калыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Абл. Хістацца, ківацца; пакалыхвацца. Віця памацаў пальцамі сучок, які калываўся ў сухой дошцы, націснуў на яго. Нядзведскі.
калыва́ць, ‑ае; незак., што.
Абл. Хістаць збоку ў бок або зверху ўніз; гойдаць. І воз так страшна калывае на калдобінах!.. Брыль.