Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кало́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калодкі. Калодачны матэрыял. Калодачная планка. Калодачная падэшва.

кало́ддзе, ‑я, н., зб.

Калоды. — А я ж думала, што цябе ці ваўкі з’елі ці мядзведзі забілі, у мох зацягнулі, закапалі і калоддзем завярнулі! З нар.

кало́дзеж, ‑а і кало́дзезь, ‑я, м.

1. Вузкая глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі. На вуліцы Лясніцкі сустрэў Макрыну — яна ішла ад калодзежа з поўнымі вёдрамі вады. Зарэцкі. Зарыпеў журавель над калодзежам. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Яма, якая служыць для розных тэхнічных патрэб. Шахтавы калодзеж. Каналізацыйны калодзеж. Кабельны калодзеж.

•••

Артэзіянскі калодзеж — буравы калодзеж з труб, які падае глыбінную напорную ваду.

кало́дзежны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да калодзежа. Калодзежны журавель.

2. Які ажыццяўляецца, праводзіцца пры дапамозе калодзежаў (у 2 знач.). Калодзежная здабыча нафты.

кало́дзезь,

гл. калодзеж.

кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

кало́днік, ‑а, м.

Арыштант, закаваны ў калодкі (у 3 знач.). Падымаючы густы пыл, пад летняй спякотаю, ішлі парамі ў шэрых адзежах, закаваныя па руках і нагах, калоднікі. Каваль.

кало́дый, ‑ю, м.

Густы клейкі раствор нітрацэлюлозы ў сумесі спірту і эфіру (скарыстоўваецца ў медыцыне і фатаграфіі).

[Ад грэч. kollōdes — клейкі.]

кало́ід, ‑у, М ‑дзе, м.

Некрышталізаванае рэчыва (бялок, крухмал, клей і інш.), растворы якога не праходзяць праз жывёльныя і раслінныя перапонкі.

[Ад грэч. kolla — клей і eidos — выгляд.]

кало́ідны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калоіду, з уласцівасцямі калоіду. Калоідны раствор.

•••

Калоідная хімія гл. хімія.