кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.
2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.
3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.
4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.
5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.
6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.
7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.
8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.
•••
Класці галаву на калодку гл. класці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)