Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калібро́ўшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца калібраваннем, каліброўкай.

калібро́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да каліброўшчык.

калібры, нескл., м. і ж.

Надзвычайна маленькая птушка з прыгожым яркім апярэннем (водзіцца ў Амерыцы). Хлопчык не ведаў, што птушачка, якую ён трымаў у руцэ, называецца калібры, што гэта — самая маленькая птушка ў свеце і што ў Бразіліі гэтых рэдкіх і каштоўных птушак засталося ўжо вельмі і вельмі мала. Арабей.

[Ісп. colibri.]

ка́ліва, ‑а, н.

1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш. Прызбы паўрасталі ў зямлю, на стрэхах расла лебяда і мох. На Мікуцёвай хаце нават буяла каліва добрага жыта. Чорны. Конь усунуў галаву ў яслі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. Галавач.

2. Разм. Адно зернетка (збожжа, маку, якога‑н. насення і інш.). З далоні на далонь перасыпаючы некалькі каліў лубіну, ён [Антон] задаволена заўважыў: — Малайцы! Стаховіч. Насенне адборнае, залатое, каліва ў каліва. Грамовіч.

3. перан. Разм. Пра самую малую колькасць чаго‑н. Газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва. Зарэцкі. Становішча, у якім апынулася злучэнне, было настолькі цяжкім, што выбіраць не было з чаго, трэба было ісці на любую прапанову, калі ў ёй было хоць каліва надзеі. Краўчанка.

4. у знач. прысл. Разм. Трошкі, крыху. Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Гартны.

•••

Да (апошняга) каліва — усё, цалкам.

Ні каліва — ніколькі, ані.

калігра́ф, ‑а, м.

Той, хто піша прыгожа і разборліва.

каліграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каліграфіі; разборлівы і прыгожы (пра почырк). Каліграфічны почырк. Каліграфічнае пісьмо.

калігра́фія, ‑і, ж.

Майстэрства пісаць разборліва, роўным, прыгожым почыркам. Почырк у яго [вучня] добры, роўны, хоць ніякіх вал[ася]ных ліній няма, што з пункту гледжання каліграфіі — найгоршая загана. Ермаловіч. Віцька паспешна і не вельмі зважаючы на каліграфію і чыстату, выконваў пісьмовыя заданні. Васілевіч.

[Грэч. kalligraphia — прыгожы почырк.]

калідо́р, ‑а, м.

Праход, які злучае асобныя часткі кватэры, будынка. Калідор гасцініцы. Калідор інтэрната. □ Павялі [салдаты Міколку з дзедам] з пакоя ўсё тымі ж доўгімі змрочнымі калідорамі. Лынькоў. З аднаго пакоя ў другі цераз калідор.. прабегла маленькая старая жанчына з прасам у руках. Арабей. // Вузкі доўгі праход, прастора, абмежаваная з абодвух бакоў. Наверсе свішча вецер,.. але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Маўр.

калідо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да калідора. Калідорныя дзверы. □ [Коля] запыніўся ля калідорнага акна ў роздуме. Якімовіч.

2. у знач. наз. калідо́рны, ‑ага, м.; калідо́рная, ‑ай, ж. Той (тая), хто абслугоўвае нумары гасцініцы або камеры астрога. Хлебапёкамі, кухарамі, калідорнымі, падмятайламі былі толькі крымінальнікі, пераважна кароткатэрміновыя. Колас.

•••

Калідорная сістэма гл. сістэма.

калідо́рчык, ‑а, м.

Памянш. да калідор; невялікі калідор.