каліва, ‑а, н.
1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш. Прызбы паўрасталі ў зямлю, на стрэхах расла лебяда і мох. На Мікуцёвай хаце нават буяла каліва добрага жыта. Чорны. Конь усунуў галаву ў яслі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. Галавач.
2. Разм. Адно зернетка (збожжа, маку, якога‑н. насення і інш.). З далоні на далонь перасыпаючы некалькі каліў лубіну, ён [Антон] задаволена заўважыў: — Малайцы! Стаховіч. Насенне адборнае, залатое, каліва ў каліва. Грамовіч.
3. перан. Разм. Пра самую малую колькасць чаго‑н. Газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва. Зарэцкі. Становішча, у якім апынулася злучэнне, было настолькі цяжкім, што выбіраць не было з чаго, трэба было ісці на любую прапанову, калі ў ёй было хоць каліва надзеі. Краўчанка.
4. у знач. прысл. Разм. Трошкі, крыху. Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Гартны.
•••
Да (апошняга) каліва — усё, цалкам.
Ні каліва — ніколькі, ані.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)