Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

катану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. Аднакр. да катаць.

2. Паехаць куды‑н. — А я білетаў не дастаў, — бесклапотна паведаміў Віцька. — Раскупілі. Таму мая прапанова: сядзем на аўтобус і катанём за горад. Савіцкі.

катапу́льта, ‑ы, ДМ ‑льце, ж.

1. У старажытнасць — асадная машына для кідання на вялікую адлегласць камення, бочак з гаручым і інш.

2. Механізм для старту самалётаў з палуб авіяносцаў і іншых невялікіх узлётных пляцовак.

3. Прыстасаванне для аўтаматычнага выкідвання з лятальнага апарата лётчыка (або інш. членаў экіпажа) з далейшым спускам на парашуце.

[Лац. catapulta з грэч.]

катапультава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. катапультаваць, катапультавацца.

катапультава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак. і незак.

1. Выкінуцца (выкідацца) з лятальнага апарата з дапамогай катапульты.

2. толькі незак. Зал. да катапультаваць.

катапультава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. каго-што. Выкінуць (выкідаць) з лятальнага апарата пры дапамозе катапульты.

2. Тое, што і катапультавацца (у 1 знач.).

катапу́льтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да катапульты, прызначаны для катапультавання. Катапультны самалёт. Катапультнае крэсла.

ка́тар, ‑у, м.

Запаленне слізістай абалонкі якога‑н. органа, што суправаджаецца пачырваненнем, набуханнем, ацёкам, выдзяленнем вадкасці. Катар дыхальных шляхоў. Катар страўніка.

[Ад грэч. katárrhoos — сцяканне.]

катара́кт, ‑а і ‑у, М ‑кце, м.

Спец.

1. ‑у. Вадаспад вялікай шырыні пры невялікай вышыні падзення. Катаракт Ніла.

2. ‑а. Спец. Прыстасаванне для гашэння ваганняў і аслаблення ўдараў, якія ўзнікаюць у машынах, чыгуначных вагонах, аўтамабілях і пад.; дэмпфер.

[Ад грэч. katarrháktēs — вадаспад.]

катара́кта, ‑ы, ДМ ‑кце, ж.

Памутненне крышталіка вока, якое выклікае аслабленне і страту зроку.

[Ад грэч. katarrháktēs — вадаспад.]

катара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да катару, звязаны з катарам. Катаральны кашаль.