Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паласку́н, ‑а, м.

Драпежная млекакормячая жывёліна роду янотаў; звычайны янот.

паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.

2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.

3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.

пала́та, ‑ы, ДМ ‑ла́це; Р мн. ‑ла́т і ‑ла́таў; ж.

1. звычайна мн. (пала́ты, ‑ла́т і ‑ла́таў). Уст. Вялікія пышныя пакоі ў палацы; харомы. Падзеі, паказаныя ў фільме, не выходзяць за межы царскіх палат і шынкоў. Новікаў.

2. Вялікае, пышна аздобленае памяшканне, прызначанае для якой‑н. спецыяльнай мэты ў Старажытнай Русі. Княжацкія палаты.

3. Асобны пакой, дзе ляжаць хворыя ў лячэбных установах. Перад вачыма паўставала шпітальная палата, у якой зусім нядаўна ляжаў.. [Сяргей] сам... Сіўцоў.

4. Назва вышэйшай заканадаўчай установы, якая ўваходзіць у склад Вярхоўнага Савета СССР. Палата Савета Саюза. Палата Савета Нацыянальнасцей.

5. Назва прадстаўнічых устаноў у некаторых краінах. Народная палата Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Палата абшчын. Палата лордаў.

6. Назва некаторых дзяржаўных устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі. Казённая палата. □ Акружны суд прысудзіў адабраць пашу ад сялян. Сяляне пераносяць справу ў судовую палату. Колас.

7. Назва некаторых дзяржаўных устаноў у СССР. Кніжная палата. Гандлёвая палата. Палата мер і вагі.

•••

Гранавітая палата — вялікі зал (частка Крамлёўскага палаца ў Маскве), які атрымаў сваю назву ад знешняй абліцоўкі буйным гранёным каменем.

[Ад лац. palatium — дварэц, палац.]

палаталізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад палаталізаваць.

2. у знач. прым. Які падпаў пад уплыў палаталізацыі; мяккі. Палаталізаваны зычны.

палаталізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

Спец. Стаць (станавіцца) палатальным.

палаталізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.

Спец. Падвяргаць (падвергнуць) палаталізацыі.

палаталіза́цыя, ‑і, ж.

Спец. Змякчэнне зычных гукаў шляхам дабавачнага пад’ёму сярэдняй часткі языка да паднябення. Палаталізацыя гука «л».

палата́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Наяўнасць змякчэння гукаў мовы.

палата́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які вымаўляецца з дадатковым пад’ёмам сярэдняй часткі языка да паднябення; мяккі (аб зычных гуках). Палатальныя гукі.

[Ад лац. palatalis.]

пала́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад палатаць.

2. у знач. прым. З латкамі, залатаны. Скінула [Люба] з сябе зрэбную і палатаную бялізну і надзела новую, тонкую. Чорны.