Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пеа́н, ‑а, м.

1. У старажытнай Грэцыі — гімн богу або з выпадку вайны.

2. Тое, што і пеон ​1.

[Грэч. paián і paión.]

пеана́ж, ‑у, м.

Сістэма кабальнай, напаўпрыгонніцкай залежнасці селяніна, парабка ад землекарыстальніка ў краінах Лацінскай Амерыкі і паўднёвых штатах ЗША.

[Фр. péonage ад ісп. peón — падзёншчык.]

пе́вень, пеўня, м.

1. Свойская птушка з чырвоным грэбенем на галаве і шпорамі на нагах; самец курыцы.

2. перан. Разм. Задзірысты чалавек, забіяка.

3. толькі мн. (пе́ўні, ‑яў). Спеў пеўняў як прыкмета пары сутак. Уставаць з пеўнямі. Сядзець пры лямпе да трэціх пеўняў.

•••

Пусціць чырвонага пеўня гл. пусціць.

педагагі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць педагагічнага (у 1 знач.).

педагагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае выхаваўчае значэнне, адпавядае правілам педагогікі. Педагагічны ўчынак. Педагагічны рост.

2. Які мае адносіны да педагога. Педагагічныя кадры. Педагагічны савет школы. Педагагічная дзейнасць. // Прызначаны для падрыхтоўкі педагогаў. Педагагічныя навучальныя ўстановы.

3. Які мае адносіны да педагогікі. Педагагічная літаратура.

педагене́з, ‑у, м.

Спец. Спосаб размнажэння некаторых беспазваночных жывёлін, пры якім у лічынак развіваюцца неаплодненыя яйцаклеткі, якія даюць пачатак новаму пакаленню.

[Грэч. páis, paidód — дзіця і genesis — нараджэнне, паходжанне.]

педаго́г, ‑а, м.

Выхавацель, выкладчык па прафесіі.

[Грэч. paidagōgós — выхавацель, настаўнік.]

педаго́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

Навука аб метадах выхавання і навучання.

[Грэч. paidagōgikē.]

педалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да педалогіі.

педаліза́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Валоданне, уменне карыстацца педаллю музычнага інструмента.

2. Сістэма педалей у чым‑н. Арфа з падвойнай педалізацыяй. Педалізацыя аўтамашыны.