Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пек, ‑у, м.

Спец. Густое вязкае або цвёрдае рэчыва чорнага колеру, якое застаецца пасля перагонкі дзёгцю або смалы.

пека́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дрэва сямейства арэхавых з масляністымі пажыўнымі пладамі і каштоўнай драўнінай; амерыканскі арэх. / ‑у. у знач. зб. Зараснікі пекану.

2. ‑а. Ядомы плод гэтага дрэва ў выглядзе арэха.

3. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

пекану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

Разм.

1. каго, каму і без дап. Параніць, прычыніць боль чым‑н. распаленым, жыгучым. Пекануць агнём. Пекануць крапівой. □ Не паспеў я і вокам міргнуць, як адна аса пеканула мяне проста ў брыво. Якімовіч. // Абдаць жарам; прыпячы. У твар .. [Арсену] пеканула чырвань ці то ад злосці, ці то ад сораму. Сабаленка. // перан. Імгненна ўзрушыць чым‑н. Пекануць позіркам. □ [Леапольд Гушка] адвык думаць пра ватага чалавека, а цяпер гэтае аблічча пеканула яму ў сэрца. Чорны.

2. каго і без дап. Моцна выцяць, агрэць. Пекануць бізуном па спіне.

3. Востра, моцна пранізаць, адчуцца (пра боль). Паспрабаваў падняцца і не здолеў — у левай назе пекануў боль. Шамякін. // безас. Пра адчуванне вострага, нясцерпнага болю. — У левы локаць так пеканула, што думалася — рука адляцела. Алешка.

4. Выстраліць; пальнуць. Быццам па ваўках, дзед звыкла Пекануў з драбавіка. Астрэйка. Я спыніўся, паглядаючы на шарака і падумаў: а што калі зайсці з боку кустоў ды адтуль пекануць касому. Ляўданскі.

5. перан.; што і без дап. Сказаць рэзка, прама што‑н. непрыемнае, непажаданае; упікнуць; абразіць. — А захваліць мы не захвалім, старшыня. Заслужыце, і благое ў вочы пеканём. Пальчэўскі. А раўнаваў Косця Гену да справы. І гаварыў яму ў вочы, што думаў. Па праву партызанскай дэмакратыі. Сёння — там, у сямейным лагеры, — таксама пекануў. Брыль.

пе́кар, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца выпечкай хлеба; хлебапёк. — Чаго панікаваць? Іншы раз і ў пекара са стала хлеб зводзіцца. Гроднеў.

пе́кла, ‑а, н.

1. Паводле рэлігійна-містычных уяўленняў — месца, дзе церпяць вечныя пакуты душы памёршых грэшнікаў. Хто курыць, таго да пекла тураць, а хто нюхае, той сам да пекла трухае. Прыказка. // Разм. Вельмі моцная гарачыня, спёка.

2. перан. Месца, дзе адбываюцца небяспечныя, жахлівыя падзеі. Пекла вайны. □ Народ ішоў, каб уцячы з пекла, у якім апынуўся горад. Гурскі. // Нясцерпныя ўмовы жыцця. У панурым у пекле астрожным Засталася ты [Вера Харужая] непераможнай. Танк. Марылін Манро нейкім цудам пашанцавала выжыць у гэтым пекле эксплуатацыі, нажывы і бізнесу. Новікаў.

пекната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

Разм. Уласцівасць пекнага; прыгажосць. Лёс табе даў пекнату чараўнічую, дасць ён, напэўна, і шчасце вялікае. Дубоўка. Хто тварэц жыцця людскога, Волі, шчасця, пекнаты? Хто кладзе к жыццю дарогу? Ведай, моладзь, гэта — ты! Чарот.

пе́кны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыгожы. Пекныя ўзоры Тчэ кляноў задумны лістапад. Куляшоў. Панна Анэта мела чорныя, вельмі зваблівыя вочы і яшчэ больш зваблівыя, пекныя вусны. Сачанка.

пекці́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае ў сабе пекцін або з’яўляецца састаўной часткай пекціну.

пекці́ны, ‑аў; адз. пекцін, ‑у, м.

Група арганічных рэчываў, якія змяшчаюцца ва ўсіх раслінных арганізмах, галоўным чынам пладах і караняплодах. // толькі адз. Клейкае рэчыва раслінных арганізмаў, якое выкарыстоўваецца ў асноўным у харчовай прамысловасць (для вырабу жэле, джэмаў і пад.).

[Грэч. pēktós — зацвярдзелы.]