Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пуансо́н, ‑а, м.

Спец.

1. Верхняя пукатая частка штампа для апрацоўкі металу ціскам.

2. Тое, што і пунсон.

[Фр. poinçon.]

пуансо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.

Накладванне штампа на што‑н.

пуа́нты, ‑аў; адз. пуант, ‑а, М ‑нце, м.

Цвёрдыя наскі балетных туфель.

•••

На пуантах (стаяць, хадзіць, танцаваць і пад.) — у балеце: на пальцах, на кончыках пальцаў (у спецыяльным абутку).

[Ад фр. pointe — вастрыё, кончык.]

пу́бліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж., зб.

Людзі, якія знаходзяцца дзе‑н. у якасці слухачоў, гледачоў, наведвальнікаў. Панькова гуляла прыгожа. Яна неўзаметку наглядала за публікай і бачыла, што позіркі многіх «балельшчыкаў» скіраваны на яе. Сабаленка. Публіка лёгка даравала артыстам усё, калі на сцэну зноў выйшаў той дзядок, калі ён дакладна гэтак жа, як дзед Сілівон, кашлянуў, паціснуў плячыма, прайшоўся. Краўчанка. // Разм. Людзі, народ. Гулка загудзеў параход, забегалі матросы, ажывілася публіка. Багдановіч. Сярод ваеннай і цывільнай публікі мільгалі таксама і постаці ксяндзоў у доўгіх сутанах. Колас. // Разм. Пра групу, разрад людзей, якія маюць агульныя прыкметы, што‑н. агульнае. Тут былі такія купцы, як Пачулія.. і іншая цёплая, грашовая публіка. Самуйлёнак.

[Ад лац. publicus — грамадскі.]

публікава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. публікаваць і публікавацца.

публікава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да публікаваць.

публікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Аб’яўляць для агульнага ведама праз друк. Публікаваць адозвы. Публікаваць матэрыялы з’езда. // Друкаваць, выдаваць якія‑н. творы. Публікаваць раман.

публікацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да публікацыі.

публіка́цыя, ‑і, ж.

1. Друкаванне ў якіх‑н. выданнях асобных твораў, прац і іншых тэкстаў. Публікацыя архіўных дакументаў. Плаціць за публікацыю. // Аб’ява аб чым‑н., надрукаваная, апублікаваная дзе‑н. Несцяровіч даў публікацыю, і пачалі сцягвацца людзі на работу. Чорны.

2. Тое, што апублікавана, надрукавана. Дзякуючы гэтым публікацыям даныя аб жыцці і дзейнасці Скарыны значна расшырыліся. Алексютовіч.

[Ад лац. publicare — аб’яўляць усенародна.]

публіцы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Пісьменнік, які піша творы на грамадска-палітычныя тэмы. Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам.., драматургам, сатырыкам і публіцыстам. «Полымя».