Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пучкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае пучкі, у выглядзе пучкоў. Пучкаватыя карані.

пучко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з пучкоў; які мае выгляд пучкоў (у 1 знач.). Пучковая морква.

пучо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да пук ​1; невялікая звязка чаго‑н. Сцёпа парваў пралесак, навязаў іх у пучкі. Баранавых. Па ўсіх шчылінах закураных сцен тырчаць пучкі сушаных траў і кветак. Бядуля.

2. Тое, што і пук ​1 (у 2 знач.); невялікі пук. Фурманка наблізілася, і Паходня ўключыў ліхтарык, накіраваўшы на яе блакітны пучок святла. Хадкевіч. У кабінеце сядзеў стомлены, сіваваты падпалкоўнік медыцынскай службы. Пад вачамі ў яго — сіняватыя кругі, на пераносіцы — пучок маршчынак. Асіпенка.

пу́чыцца, ‑чыцца; незак.

Уздувацца, узнімацца ўгору. Узімку мы хадзілі напрасцяк, цераз рэчку. І от, напрадвесні ўжо, вада паднялася, толькі на сярэдзіне пучыўся лёд. Скрыган. Маці па звычцы садзілася на воз з левага боку — і ўсю дарогу побач з ёй некранутым горбам пучылася на сене посцілка. Ракітны.

пу́чыць, ‑чыць; незак., што.

Раздуваць, уздымаць. Вецер пучыць брызент. □ Не будзе ежа будучыні пучыць так жываты людзям, як гэта самая капуста. Дубоўка.