Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пук 1, ‑а, м.

1. Звязка, ахапак якіх‑н. аднародных прадметаў. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. [Валька] агледзела ўсё і ўбачыла на стале велізарны пук кветак у белым бліскучым гладышы. Мікуліч. // Пасма (валасоў, поўсці і пад.). Яна была вельмі прыгожая, гэтая дзяўчына. З-пад пілоткі выбіваўся пук залацістых [валасоў]. Асіпенка.

2. Сукупнасць чаго‑н., што разыходзіцца, пачынаецца з аднаго месца, адной кропкі. Шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Чорны. Зрабіўшы разварот на пожні, Змітрок выраўняў машыну і ўключыў фары — два пукі святла прабілі цемру перад трактарам. Хадкевіч. [Правады] збягаліся ў адзін пук і хаваліся ў круглай адтуліне. Шыцік.

3. Разм. Сцябло зялёнай цыбулі з суквеццем наверсе. Цыбуля пайшла ў пукі.

пук 2, ‑а, м.

Разм. Самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго‑н. І тут на горцы, на самым пуку, дзе яна [жанчына] была з гадзіну назад, узнялася раптам вялікая хмара пылу. Місько. Месяц заплыў яшчэ вышэй і як бы на хвіліну прыпыніўся, застыў у самым пуку неба. Сачанка.

пука́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць пукатага. Пукатасць паверхні.

2. Пукатае месца. Нарэшце [Іван Кузьміч] адчуў,.. што пукатасць гары, здаецца, скончылася і далей унізе — абрыў. М. Ткачоў. На зямліста-шэрых шчоках многа выемак і пукатасцей. Бядуля.

пука́ты, ‑ая, ‑ае.

З круглява выгнутымі, выпучанымі бакамі, паверхняй; выпуклы. Пукатая бочка. Пукатая бутэлька. Пукатае дно. □ Валя выбрала сабе невялічкі [гадзіннік], зграбны, з тоненькай металічнай абводкай, з пукатым шкельцам. Пестрак. // Які выдаецца наперад. Пукатыя вочы. Пукатыя грудзі. □ Жарсткаватыя валасы [Рудчанкі] былі зачэсаны назад, і таму вялікі і пукаты лоб здаваўся вельмі высокім. Сіўцоў.

пу́каўка, ‑і, ДМ ‑каўцы, ж.

Разм. іран. Пра лёгкую зброю. — Ат!.. Усё адно карысці мала з гэтай пукаўкі. Рыхтуйце гранаты. Шамякін.

пу́кацца, ‑аецца; незак.

Разрывацца, лопацца з трэскам ад нацяжэння, ціску і г. д. Падзіманыя шары пукаюцца адзін за адным. □ Потым пачалі набракаць і пукацца ад веснавога соку пупышкі на дрэвах. Паслядовіч.