Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пу́за, ‑а, н.

Разм.

1. Жывот чалавека або жывёліны. Умее .. [трактарыст] і на пузе поўзаць, і дагары паляжаць пад трактарам, калі спатрэбіцца. Ермаловіч. Ромка цаляе ў голае Петрыкава пуза вадою з конаўкі, не трапляе, і хлопчык аж заходзіцца ад вясёлага, дураслівага рогату. Місько. Лёд трэснуў, і ў чорнай палонцы паказалася белае пуза рыбіны. Ігнаценка. / у перан. ужыв. Шэрым пузам душаць хмары Поля нудныя абшары. Крапіва. З-пад белага, бліскучага пуза самалёта раптам папоўз чорны дым. Асіпенка.

2. пагард. Пра вялікі, тоўсты жывот у чалавека. Круглае пуза так далёка выдавалася ўперад, што пэўна пан не бачыў за ім сваіх кароценькіх ножак. Колас.

•••

Ад пуза — уволю, удосталь (наесціся, напіцца і пад.).

пуза́н, ‑а, м.

Разм. Пра чалавека з вялікім пузам. Рогат узмацняўся, узвізгі жанчын, хрыплы, як брэх, рогат фрачных пузаноў, інтэлігентнае хіхіканне больш далікатных асоб рознага роду заглушылі спачатку аркестр. Самуйлёнак. — Стой, пузан, а то выстралю! — крыкнуў на бягу дзед. Лынькоў. // Пра малое тоўстае дзіця. Як многа ў мяне сыноў — Гарластых пузаноў, Зацесных паўзуноў! Адзін дзіцячы сад — Уся зямля. Бічэль-Загнетава.

пузано́к, ‑нка, м.

Прамысловая рыба сямейства селядцовых з кароткім тулавам і вялікім жыватом.

пуза́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікім жыватом, пузам. Ля камбайна, акрамя Шапавалава і Пятра,.. [Касцянок і Баранаў] убачылі старшыню калгаса Махнача, нізкага і пузатага чалавека з шырокім чырвоным тварам. Шамякін. Тут быў таран, мянёк пузаты, Шчупак, лінок, акунь, карась. Колас.

2. перан. Нізкі і шырокі, з пукатымі, акруглымі бакамі (пра прадметы). Пузаты чыгун. Пузаты партфель. □ Гаспадыня ўсё-такі злезла з печы, бразнула засланкай і выцягнула пузаты паліваны гарлачык, на якім трошкі прыгарэла жоўтая плеўка. Сабаленка. Рыма трымала ў руках баравік і абразала белы пузаты корань. Васілеўская.

пузы́р, ‑а, м.

1. Напоўнены паветрам або газам шарык, які ўтвараецца ў вадкасці або ў вадкай масе. Пузыры ў шкле. Пузыры ў цвеце. □ На месцы.. [варонак] б’е з-пад нізу вада,.. бугрыцца і так жа раптам знікае, пакінуўшы на паверхні празрыстыя пузыры, якія ледзь паспяваюць за быстрынёй. Лынькоў.

2. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння і пад.), пустое або напоўненае вадкасцю; пухір. Далоні, нацёртыя тронкам, зачырванеліся, на іх выскачылі вадзяныя пузыры. Васілевіч.

3. Мяшок, шар у целе жывёлы або чалавека, які звычайна змяшчае ў сабе якую‑н. вадкасць. Мачавы пузыр. Плавальны пузыр. Жоўцевы пузыр.

4. Гумавы мяшок, напоўнены лёдам, халоднай або гарачай вадой, які прымяняецца з лекавымі мэтамі. Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага. Шамякін.

пузырава́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пузырысты.

пузырко́вы, ‑ая, ‑ае.

Пры якім утвараюцца пузыркі. Пузырковы лішай.

пузы́рнік, ‑у, м.

Кустовая расліна сямейства матыльковых з пладамі ў выглядзе ўздутых бабоў.

пузыро́к, ‑рка, м.

1. Памянш. да пузыр; невялікі пузыр.

2. Невялікая шкляная бутэлечка. Калі той дзядзька пайшоў з дому, маці была вельмі расстроеная і, нюхаючы нейкі пузырок з лекамі, горка папракала.. [сына]. Лынькоў.

пузы́рысты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты пузыркамі, з пузыркамі ў сярэдзіне. Пузырыстае шкло. □ А далей ... Былі абдымкі бабуліны, сцяжынка да хаты па кураслепе пахучым, яечня і хлеб на кміне і сырадой з пузырыстым шумком. Кірэенка.