пу́жала, ‑а, н.
Тое, што і пудзіла (у 1 знач.). Заяц баіцца незнаёмых рэчаў, у тым ліку і пужал, якія ставяць на палях для таго, каб адагнаць яго. «Беларусь».
пужа́льна, ‑а, н.
Абл. Пугаўё. Прымацаваная да пужальна жалезным кальцом з сырамяццю, гэтая пуга пачыналася з таўшчэразнай, як вужышча, спецыяльна звітай вяроўкі. Колас.
пужану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і пужнуць. Так захацелася пужануць курэй, каб яны з кудахтаннем разляцеліся куды каторая, але Стась стрымаўся і павярнуў у другі бок. Гарбук. Мусатаў дрыжаў. Настаў, здавалася, час. Цяпер і гэтага можна было пужануць арыштам ці смерцю. Ён адчуваў, што ўсё ў ім звініць. Караткевіч.
пужа́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога часта і многа пужалі. Пужаная варона і куста баіцца. Прымаўка.
пужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Адчуваць страх, палохацца. [Васілёк:] — Мама! Страшна мне тут, Я баюся адзін: Унь варушыцца жмут на ашэстку аўчын .. — Не пужайся, дурны. То аўчынкі вісяць, Нежывыя яны І не могуць чапаць. Колас. Барада ў мяне сапраўды страшная вырасла: раней я сам сябе пужаўся, калі часамі заглядваў у ваду замест люстэрка. Якімовіч.
пужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Наводзіць страх, палохаць. Пукатыя вочы, крывая дзюба [пугача] нават цяпер пужаюць. Маўр. Вецер гойсае па пушчы і галлё сухое трушчыць, птушанят малых пужае на яліне у гняздзе. Грахоўскі. // Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., страшыць кім‑, чым‑н. Пужаць дзяцей бабай-ягой. □ Словы «генеральная рэпетыцыя» здаваліся сялянам нейкім страшыдлам, ім нават пужалі дзяцей. Пшыркоў. // Выклікаць трывогу. Работа не пужала мяне, а пужала беспрасветнасць яе. Скрыган. [Доктар:] — Але скажу вам, што жанчына, якая ніколі не плача, мяне пужае і.. замарожвае. Васілевіч.
2. Спужаўшы, прымушаць падняцца з месца, пабегчы, паляцець. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу .. — Ізноў нехта бусла пужае... Лынькоў.
пу́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Памянш. да пуга; невялікая пуга. Чаго Гарвась не рабіў — і за аброць коней браўся весці, і сам памагаў ім, і пужкаю лупцаваў — не зрушыліся коні. Сачанка.
пужлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць пужлівага; палахлівасць, страх. Мне чамусьці падабалася Хведарава пужлівасць. Асіпенка. Неспадзеўкі, пужлівасць, нейкая вінаватая ўсмешка разам адбіваліся на.. [Ядвісіным] твары. Колас.
пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.
•••
Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.
пужну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Аднакр. да пужаць (у 2 знач.).
2. Прыстрашыць, прыпужнуць. [Жагула:] Я ўзяў стрэльбу, разы два пужнуў, то .. [сабакі] і супакоіліся. Крапіва. Зубра ж не чуваць. Пужнуў ад сябе назолу-чалавека і, пэўна, застаўся стаяць у сваёй велічнай адзіноце. Шамякін.