пуп, ‑а, м.
1. Рубец на сярэдзіне жывата, знак пасля адпадзення пупавіны. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот да самага пупа. Колас. Пуп.. [цяля] прымарозіла, як яшчэ пад каровай было, і стаў гнісці жывот. Ермаловіч.
2. Страўнік у птушак. Курыны пуп. Гусіны пуп.
3. перан. Разм. Круглае або вострае заканчэнне розных прадметаў. Дарабіць пуп у шапцы.
4. перан. Разм. Цэнтр чаго‑н. [Клім:] — Гэта ўсё — вон, пятнаццаты век. Тут пуп калгаса! — і яго рука зрабіла дугу і паказала пальцам сабе пад ногі. Лобан.
•••
Браць на пуп гл. браць.
Ірваць пуп гл. ірваць 1.
Пуп зямлі — пра таго, хто лічыць сябе самым галоўным, цэнтрам чаго‑н.
пупаві́на, ‑ы, ж.
Шнурападобны орган, які злучае зародак чалавека або жывёлы з арганізмам маці.
•••
Адарваць з пупавінай гл. адарваць.
пупко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пупка 1 (у 1 знач.).
пупо́к 1, ‑пка, м.
1. Тое, што і пуп (у 1, 2 знач.).
2. Невялікі акруглы выступ. У цёмна-сіняй кепцы з пупком, сцягнутай на патыліцу, у таго ж колеру касцюме, у аброшаных ботах, .. [Сучок] унёс у хату свежасць ранку. Пестрак.
пупо́к 2, ‑пка, м.
Шматгадовая пахучая трава сямейства складанакветных з галінастым сцяблом і жоўтымі або белымі кветкамі.
пупо́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пупа (у 1 знач.), пупка 1 (у 1 знач.). Пупочная грыжа.
пупс, ‑а, м.
Лялька ў выглядзе маленькага голага дзіцяці. Цэлулоідны пупс. // перан. Пра маленькае, звычайна поўнае дзіця.
пупы́рыцца, ‑рыцца; незак.
Абл. Пакрывацца пупырышкамі, быць пакрытым пупырышкамі. У жанчыны — перапэцканыя ў кроў рукі, халат, нават нос, а плечы пупырацца «гусінай скурай». Карпюк.
пупы́рышка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Абл.
1. Маленькі бугарок, звычайна на скуры. Паспрабуй акунуцца ў .. [ваду] і адразу .. скура пакрыецца гусінымі пупырышкамі. Беразняк.
2. Тое, што і пупышка (у 1 знач.). Набухлі смалістыя пупырышкі каштанаў. Лынькоў.
пупы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Зародак ліста, парастка або кветкі. Млеюць у .. [сонечных] праменях дрэвы, пупышкі на іх патрэскаліся, вось-вось загарацца зялёным агнём. Ермаловіч. [Марылька] трымала ў адной руцэ сумку з кніжкамі, а ў другой вярбовыя галінкі з маленькімі пупышкамі. Чарнышэвіч.
2. Разм. Мякаць на канцы пальца. Калола ў пальцы, у пупышкі, як іголкамі. Пташнікаў. Збываючы квецені лішкі, Сукі ахінуліся ў дым, І завязь, як пальцаў пупышкі, Ужо выступала пад ім. Калачынскі.
пупы́шкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пупышкі (у 1 знач.).