Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пяву́н, певуна, м.

1. Разм. Той, хто любіць пець і многа спявае; пяюн.

2. Певень. Другі гурток другой жывёлы. Дзесятак кур, пявун вясёлы. Колас.

пяву́ння, ‑і, ж.

Разм. Жан. да пявун (у 1 знач.).

пяву́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць пявучага; меладычнасць. Пявучасць верша. Пявучасць тонаў.

пяву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.

2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.

пя́дзенік, ‑а, м.

Матыль-шкоднік, вусені якога, рухаючыся, выгінаюць сярэднюю частку цела так, быццам мераюць зямлю пядзямі. Зімовы пядзенік.

пя́дзя, ‑і, ж.

1. Старая мера даўжыні, роўная адлегласці паміж канцамі расцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў.

2. Невялікі ўчастак зямлі, прасторы. Кожную пядзю зямлі тут Сваім засланялі мы целам. Танк. У людзей было так мала сенажаці, што яны калаціліся за кожную пядзю. Колас.

•••

Ні пядзі — ніколькі (не аддаць, не саступіць, звычайна пра зямлю).

пяка́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выпечкі хлебных вырабаў. Пякарная справа. // Прызначаны для выпечкі хлебных вырабаў. Пякарная печ.

пяка́рня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, дзе выпякаюць хлеб. У пэўны час прыносілі з пякарні хлеб. Пякарня была свая. Колас.

пяка́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пекара, належыць яму. Пякарскі чапец. Пякарскі фартух. Пякарскае рамяство.

2. Тое, што і пякарны. Пякарскія дрожджы.

пяка́рства, ‑а, н.

Прафесія пекара, праца пекара.