Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пяка́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выпечкі хлебных вырабаў. Пякарная справа. // Прызначаны для выпечкі хлебных вырабаў. Пякарная печ.

пяка́рня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, дзе выпякаюць хлеб. У пэўны час прыносілі з пякарні хлеб. Пякарня была свая. Колас.

пяка́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пекара, належыць яму. Пякарскі чапец. Пякарскі фартух. Пякарскае рамяство.

2. Тое, што і пякарны. Пякарскія дрожджы.

пяка́рства, ‑а, н.

Прафесія пекара, праца пекара.

пяке́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы пеклу, такі, як у пекле. І вось пачалося змаганне Дабра і прадвечнага зла, Світальнай зары і змяркання, Пякельнай начы і святла. Танк.

2. Разм. Вельмі цяжкі, нясцерпны; пакутлівы. Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Мележ. У душы маёй заўсёды быў нейкі пякельны разлад. Купала.

3. Разм. Незвычайны па ступені праяўлення; страшэнны. Пякельная спёка. Пякельны боль. □ Усё цела паліў пякельны агонь, трашчала ад болю галава, ліўся густы пот. Дуброўскі.

4. Разм. Жорсткі, бесчалавечны. Нямала людзей з маёй вёскі не вярнулася з вайны, нямала дзяцей і дарослых загінула ў часы пякельнага рэжыму фашысцкай акупацыі. Кулакоўскі.

пяко́лак, ‑лка, м.

Абл.

1. Прыпечак. Ці бачылі, як маці ранняй часінай, Узяўшы смалісты агарак лучыны, Схіліўшыся, дзьме на вуголле ў пяколку, Пакуль яно не разгарыцца вясёлкай. Танк.

2. Цёплае месца на печы, куды лазяць грэцца або ставяць што‑н. грэць. Я дружыў з пяколкам, Нібы дзед стары. Бядуля. Маці саскочыла з пяколка і з трывогай забегала па хаце. Машара. Паставіўшы дзяжу на пяколак, [Арына] пачала рыхтаваць вячэру. Стаховіч.

3. Ніша ў печы; пячурка. Абмацала [Ева] ўвесь пяколак — Няма запалак. Бацька знёс. Гаўрусёў.

пяко́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Адчуванне пякучага болю ў страваводзе. Пякотка ў грудзях. □ — Нешта хварэю, брат.. Пякотка, на яе ліха, не дае спакою... Хведаровіч.

пяку́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць пякучага.

пяку́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Пякучая крапіва; жыгучка. Хто сустрэўся быў са мною, Дакрануўся раз ці два, Дык той ведае ўжо хто я: Я — пякучка-крапіва. Крапіва.

пяку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі гарачы, здольны спальваць, паліць. Пякучыя прамяні сонца. Пякучае вуголле. □ Пякучы дробны пясок дыміў па палях. Бядуля. // Які выклікае адчуванне апёку, прычыняе востры нясцерпны боль. Пякучы мароз. □ Часта дзьмуў пякучы сівер. Паслядовіч. Мікола выпіў. Ром быў пякучы, аж захапіла дых. Новікаў. // перан. З’едлівы, калючы, востры. Пякучае слова. Пякучы язык.

2. перан. Які вельмі востра, балюча перажываецца; пакутлівы. Мінаў час. Залечваліся раны; гора, аддаляючыся, рабілася ўжо не такім пякучым. Шахавец. Задрыжала рука, у якой капітан трымаў пісьмо, заныла сэрца ад пякучай крыўды. Алешка.