пяшко́м, прысл.
Пешым ходам, не транспартам; пеша, пехатою. Цераз рэкі, масты, Цераз пушчы, кусты, Дзе пяшком, Дзе прамчымся на ўспененых конях. Броўка. — А дадому як дабярэшся? — сказала, быццам роднаму. — Поездам ці пяшком? Лобан.
пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.
1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.
2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.
3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.
пяшчо́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць пяшчотнага. Пяшчотнасць свайго бацькоўскага пачуцця дзед выказваў, як заўсёды, па-свойму. Брыль.
2. Ласкавасць, пяшчота. Матулі роднай вобраз мілы, Пяшчотнасць, любасць да мяне, Яе аб дзецях клопат шчыры Усплываюць часта ў светлым сне. Журба. Дзедам старога называла ўся брыгада, і ў гэтай назве была нейкая пяшчотнасць. Брыль.
пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.
2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.
пяшэ́чкам, прысл.
Разм. Пяшком. Ускінуў я за плечы свой мяшэчак, Прымайстраваў на рэмень кацялок, Іду знаёмаю дарогаю пяшэчкам І ўбачыў ваш калгас яшчэ здалёк. Вітка. На гарсаветаўскі аўтобус і не зірнуў [Андрэй], пяшэчкам збіраецца ісці. Лобан.