Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пра, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «пра» выражае аб’ектныя адносіны; ужываецца пры абазначэнні прадмета размовы, думкі або пачуцця. Падрабязна распытвала Ульяна пра Арыніну службу, жыццё, заработак, пра выхадныя дні. Колас. Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка. Сябры, успомнім пра сяброў, Пра тых, што не прыйшлі. Броўка. Вось пайшлі .. [людзі] спаць і панеслі з сабою руплівасць пра заўтра. Скрыган. // У загалоўках — для ўказання на тэму, аб чым гаворыцца ў апавяданні, главе, раздзеле і пад. Пра час і пра сябе. □ Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў. Лынькоў.

•••

Ні за што ні пра што — зусім без падстаў, без прычыны. [Даніла:] Вось ні за што ні пра што пахавалі чалавека. А ён, можа, цяпер у дарозе — Чырвоную Армію вядзе. Крапіва. І собіла ж, каб гэткае ліха ні за што ні пра што звалілася на маю галаву? Купала.

пра... 1, прыстаўка.

1. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў і абазначае: а) пранікненне праз прадмет, прабіванне яго, утварэнне адтуліны і пад., напрыклад: прагрызці, праламаць, пранізаць, прапаліць, прапхнуць, прарэзаць, прастрэліць, прасунуць, праціснуць, прадзіравіць, праглянуць, працячы, прамесці, прастрыгчы; б) рух у прасторы міма прадмета, напрыклад: прабегчы, правалачы, правесці, праляцець, праскочыць; в) паўнату дзеяння, пашырэнне дзеяння на ўвесь прадмет, напрыклад: праварыць, прагрэць, пракіпець, прасеяць, прагоркнуць, прахарчаваць; г) закончанасць дзеяння, якое працягвалася некаторы час, запаўненне дзеяннем пэўнага прамежку часу, напрыклад: прабегаць, праараць, праспаць; д) дзеянне, у выніку якога нанесена шкода, страта, напрыклад: празяваць, прайграць, прагандлявацца; е) (з часціцай ‑ся/‑ца і без яе) выяўленне чаго‑н., напрыклад: прагаварыцца, прабалбатаць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць: а) асоб паводле ўзыходнай (або сыходнай) лініі прамых ступеней сваяцтва, напрыклад: прадзед, прабабка, праўнук, праўнучка; б) першапачатковасць, найбольшую старажытнасць, напрыклад: прарадзіма, прамова (лінгв.), праславянскі; в) самую высокую ступень якасці, напрыклад: прамудры, праславуты.

пра... 2, прыстаўка (гістарычна ўзыходзіць да прэфікса про).

Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў і ўказвае на блізкасць да таго або на агульнасць з тым, што абазначана ўтваральнай асновай ці на ніжэйшую, больш раннюю, папярэднюю ступень таго, аб чым сказана ва ўтваральнай аснове, напрыклад: прафашыст, праконсул, правобраз, праамерыканскі.

праамерыка́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае ў інтарэсах Амерыкі; які падтрымлівае палітыку Злучаных Штатаў Амерыкі. Праамерыканская арыентацыя.

прааналізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прааналізаваць.

прааналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.

Зрабіць аналіз. — За цябе, брат, аб’ектыў працуе, а мне трэба самому ўсё прааналізаваць, запісаць. Сабаленка.

праанатамі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Зрабіць анатаміраванне. Праанатаміраваць труп.

праара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.

1. Апрацаваць плугам; узараць. // Зрабіць плугам. Праараць разору.

2. і без дап. Араць некаторы час. Праараць да вечара.

праарфава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праарфаваць.

праарфава́цца, ‑фуецца; зак.

Ачысціцца пры арфаванні ад мякіны і смецця.

праарфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што.

Ачысціць арфаваннем абмалочанае зерне ад мякіны і смецця. Праарфаваць ячмень.