п’едэста́л, ‑а, м.
1. Па-мастацку аформленае ўзвышэнне пад помнік, калону і пад.; пастамент. П’едэстал абеліска. □ Словы з палымянай «Варшавянкі» высечаны золатам на п’едэстале помніка. Маўзон. // Спецыяльнае ўзвышэнне, на якое ўзнімаюцца пераможцы ў спартыўных спаборніцтвах, конкурсах і пад. для атрымання ўзнагароды. Паводле традыцыі пераможца ўзняўся на п’едэстал пашаны і пакланіўся ўсім чатыром трыбунам. Шыцік.
2. перан. Высокае грамадскае становішча; аўтарытэт. Іменна такі разумны і бескарыслівы жыццёвы прынцып узвёў Марыю Дубадзелаву на п’едэстал усеагульнай павагі і добрай славы. Данілевіч.
•••
Звесці з п’едэстала гл. звесці.
[Фр. piédestal.]
п’е́за, ‑ы, ж.
Спец. Адзінка вымярэння механічнага напружання і ціску ў сістэме адзінак метр — тона — секунда.
[Ад грэч. piézō — цісну.]
п’езаэлектры́чнасць, ‑і, ж.
Спец. Электрычныя зарады, якія ўзнікаюць на гранях некаторых крышталяў у выніку механічнага ўздзеяння.
[Ад грэч. piézō — цісну.]
п’езаэлектры́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да п’езаэлектрычнасці.
п’езо́метр, ‑а, м.
Спец. Прыбор для вымярэння механічнага напружання і ціску.
[Грэч. piézō — цісну і metreō — мераю.]
п’е́ксы, ‑аў; адз. ‑п’екса, ‑ы, ж.
Лыжныя спартыўныя чаравікі з загнутымі ўверх насамі.
[Фін. pieksu.]
п’еро́, нескл., м.
Персанаж французскага народнага тэатра 17–18 стст.
[Фр. Pierrot, памянш. ад імя Pierre.]
п’е́са, ‑ы, ж.
1. Драматычны твор, прызначаны для пастаноўкі на сцэне. Калісьці.. [Жэня і Таццяна] разам вучыліся ў сямігодцы, разам удзельнічалі ў драматычным гуртку, і ва ўсіх п’есах, якія яны ставілі, ім даводзілася іграць жаніха і нявесту. Шамякін.
2. Невялікі музычны твор. Інструментальная п’еса.
[Фр. pièce.]
п’янава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі, злёгку п’яны. Поруч з намі селі па адзін бок дзядзька Пракоп з Анастассяй Паўлаўнай, па другі — бацька і Усцім Пачосак, ужо трошкі п’янаваты. Сабаленка.
п’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца п’яным. Антаніна Міхайлаўна расказала, як яна выручала ў выпіўцы свайго нябожчыка мужа, як піла з самымі заядлымі выпівакамі і ніколі не п’янела. Колас.
2. перан. Узбуджацца, узрушацца ад чаго‑н. П’янець ад шчасця. П’янець ад радасці. □ Нам да вар’яцтва хацелася жыць. Ненавідзець, любіць, колькі выстарчыць сэрца. І п’янець ад вясны, ад смалістых ажын. Глебка.