Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

п’янава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі, злёгку п’яны. Поруч з намі селі па адзін бок дзядзька Пракоп з Анастассяй Паўлаўнай, па другі — бацька і Усцім Пачосак, ужо трошкі п’янаваты. Сабаленка.

п’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца п’яным. Антаніна Міхайлаўна расказала, як яна выручала ў выпіўцы свайго нябожчыка мужа, як піла з самымі заядлымі выпівакамі і ніколі не п’янела. Колас.

2. перан. Узбуджацца, узрушацца ад чаго‑н. П’янець ад шчасця. П’янець ад радасці. □ Нам да вар’яцтва хацелася жыць. Ненавідзець, любіць, колькі выстарчыць сэрца. І п’янець ад вясны, ад смалістых ажын. Глебка.

п’я́ніца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Той, хто многа п’е спіртных напіткаў; алкаголік. Зынга — п’яніца і гуляка, у піўной ён бывае часцей, чым на працы. Кудраўцаў.

•••

Горкі п’яніца — безнадзейна, прапашчы алкаголік.

п’яні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.

Прыводзілі, да стану ап’янення. // Прыводзіць да стану, падобнага ап’яненню. Цёплая майская ноч п’яніла галовы духмяным пахам квецені — сама што цвілі сады. С. Александровіч. Сена было мурожнае, яно абдавала гарачым пахам і трывожна п’яніла. Скрыган. Паветра п’яніла пахамі разапрэлай на сонцы зеляніны. Карпюк.

п’я́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Гулянка, дзе многа п’юць спіртных напіткаў. [Хлопцы] думалі, што казакі перад адыходам у Ванькоўшчыне п’янку спраўляюць, аж было мірна і ціха. Лобан. — Выпі, дачка, тут не п’янка, а сяброўская вячэра. За нашу перамогу грэх не выпіць каліва... Машара.

2. Тое, што і п’янства. Аналізуючы прычыны прагулаў і парушэнняў дысцыпліны працы, прыходзіш да высновы, што пераважная большасць іх звязана з п’янкай. «Маладосць».

п’янкі́, ‑ая, ‑ое.

Які прыводзіць да стану ап’янення; хмельны, ап’яняльны. Водар маленькіх аранжава-сініх суквеццяў.. быў змешаны з п’янкім пахам палыну, але пах гэты ўзнікаў на кароткае імгненне і зноў прападаў, адкінуты парывам ветру. Савіцкі. У бары — п’янкая духмянасць, прахалода, сонца на закіданым ігліцай доле — рэдкімі светлымі лапікамі. Навуменка.

п’янлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і п’янкі. Дождж прайшоў — І водарам п’янлівым Пацягнула з маладога бору. Гілевіч.

п’я́нства, ‑а, н.

Пастаяннае і празмернае ўжыванне спіртных напіткаў. На твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасці і сляды калісь вясёлага жыцця і п’янства, у якім пісар не меў сабе роўных у воласці. Колас.

п’я́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Займацца п’янствам. [Гурын:] — Ткачэня — п’яніца. Работу сельсавета не толькі разваліў, а проста закінуў. П’янствуе па хутарах у кулакоў. Чарнышэвіч. [Макар:] — Па нішто звядзе яго Гамрэкелі: п’янстваваць навучыць, хлусіць, абманваць. Самуйлёнак.

п’янчу́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑чузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. пагард. Тое, што і п’яніца. [Завішнюку] стала горка на душы, адчуў, што хочацца хутчэй выйсці з хаты, каб і не глядзець на гэтага п’янчугу Акцызніка. Пташнікаў.