Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пэ́йсы, ‑аў; адз. пэйса, ‑ы, ж.

1. Доўгія пасмы валасоў ля скроняў, якія пакідаюцца непадстрыжанымі (у патрыярхальных яўрэяў). Хаім быў худы чалавек з рыжай барадой, даўгімі пэйсамі і надзвычай хітрымі чорнымі вачыма. Чарнышэвіч.

2. Разм. пагард. Пра доўгія раскудлачаныя валасы.

[Стараж.-яўр.]

пэ́ндзаль, ‑дзля, м.

Пучок шчаціння, валасоў або шэрсці, прымацаваны да ручкі, які служыць для нанясення фарбы, клею і пад. на паверхню чаго‑н. [Люба] макае пэндзаль у бляшанку з фарбай, якая прывешана да папружкі, піша на дрэве нумар. Шамякін.

пэ́ндзлік, ‑а, м.

Памянш. да пэндзаль; невялікі пэндзаль. Неўзабаве прыйшоў Іван Сямёнавіч. Ён прынёс фарбу, пэндзлікі, паперу і разам з Юркам і Колем усеўся за стол. Курто.

пэр, ‑а, м.

Званне прадстаўнікоў вышэйшага дваранства ў Англіі і Францыі (да рэвалюцыі 1848 р.). // Асоба, якая носіць гэта званне.

[Фр. pair, англ. peer ад лац. par — роўны.]

пэ́рства, ‑а, н.

Званне пэра.

пэ́ўна,

1. Прысл. да пэўны.

2. у знач. пабочн. Мабыць, мусіць, відаць. Марынка сэрцам адчувае, Што, пэўна, лішнія яны. Колас.

пэ́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пэўнага (у 2, 4–6 знач.).

пэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Дакладна вызначаны, прызначаны. Ліда атрымала некалькі мін, заведзеных на пэўны, вядома, позні час ночы. Кавалёў. [Тарыел і Тапурыя] ўгаварыліся сустрэцца на пэўным месцы, на паўднёвай ўскраіне лесу. Самуйлёнак.

2. Выразны, акрэслены, які склаўся канчаткова. Без пэўнай думкі расчыніў.. [Раман] у клуню вароты, зайшоў туды, агледзеў сцены, зірнуў на кучы саломы і выйшаў на двор. Колас. Назаўтра, пасля абходу, калі ўрач, таксама не сказаўшы нічога пэўнага, пайшоў з палаты, Лёдзя ўстала і падышла да жанчыны. Карпаў.

3. Некаторы, той ці іншы. У працы выяўлены пэўныя недахопы. □ Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

4. Перакананы ў чым‑н.; упэўнены. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Колас.

5. Такі, якому можна даверыцца; надзейны. [Алалоўнік] быў чалавекам пэўным у палітычным сэнсе... Бядуля. [Жэня:] — [Серада] абяцае завесці нас у найбольш пэўную схованку. Брыль.

6. Упэўнены, цвёрды. Спрактыкаваныя, пэўныя рукі паклалі пад рэйку адну з «мышаловак». Брыль.

пэ́цкаль, ‑я, м.

Разм.

1. Той, хто пэцкае (у 1 знач.).

2. Той, хто няўмела, неахайна робіць што‑н. (пераважна пра мастака, пісьменніка). На торг не спяшаўся [мастак], Як пэцкаль адзін мой знаёмы, Што лепіць пачвараў І возіць збываць у раёны. Гілевіч. Сапраўдны ты рыбак ці проста пэцкаль?! Брыль.

пэ́цканіна, ‑ы, ж.

Разм. Няўмела, неахайна, брудна выкананая работа.