пэ́цкаль, ‑я, м.
Разм.
1. Той, хто пэцкае (у 1 знач.).
2. Той, хто няўмела, неахайна робіць што‑н. (пераважна пра мастака, пісьменніка). На торг не спяшаўся [мастак], Як пэцкаль адзін мой знаёмы, Што лепіць пачвараў І возіць збываць у раёны. Гілевіч. Сапраўдны ты рыбак ці проста пэцкаль?! Брыль.
пэ́цканіна, ‑ы, ж.
Разм. Няўмела, неахайна, брудна выкананая работа.
пэ́цканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. пэцкаць і пэцкацца (у 1 знач.).
пэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. у што, чым і без дап. Забруджвацца, вымазвацца. Трэба было ратаваць жарабца, але нікому з стражнікаў не хацелася разувацца, распранацца і лезці пэцкацца ў гразь. Крапіва. Успамінаецца, як бегалі яны — малыя.. — па-над самай вадой, па-над самым прадоннем, пэцкаліся з галавы да ног у шызы ліпучы глей — рыбу лавілі. Зарэцкі. Нару капаць, вядома, справа не малая, і працы шмат і месца трэба адшукаць такое, што вада вясной не залівае. Дый пэцкацца Лісіца не жадае. Корбан. // Станавіцца брудным. Белая сукенка хутка пэцкаецца. □ Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Займацца якой‑н. непрыемнай справай, прымаць у ёй удзел. — Прапусціць! — загадаў я хлопцам. — Гэтага для нас мала... — З-за аднаго чалавека не варта нават пэцкацца! Карпюк.
3. перан. Разм. Вельмі марудна рабіць што‑н. Калі мы зайшлі на калгасны двор, то сустрэлі там двух калгаснікаў, якія рамантавалі калёсы. — Ну, от табе і на, — не вытрымаў Валодзя. — Дакуль вы будзеце тут пэцкацца? Людзі ўжо напрацаваліся ўволю, а вы, як мухі да смалы, прыляпіліся. Сергіевіч.
4. Зал. да пэцкаць (у 1 знач.).
пэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. у што, чым. Забруджваць, вымазваць. Калі скажа [маці] Юльцы не пэцкаць спаднічкі, дык якраз прыйдзе запэцканая ў гразь з ног да галавы. Бядуля. [Агата] выцірала кулакамі вочы і пэцкала зямлёю твар. Чорны.
2. і без дап. Разм. Рабіць што‑н. няўмела, неахайна, брудна (пераважна маляваць, пісаць). — Але ж Платон і фарбы набыў не для забавы. Хіба прыемна, калі імі не малююць, а пэцкаюць, — з рэзкасцю адбіў напад Сандро. М. Ткачоў.
•••
Пэцкаць рукі аб каго, аб што — быць замешаным у што‑н. непрыстойнае, нізкае, звязвацца з кім‑н. [Васька:] — Мы заб’ём.. [інжынера]. Вы, старыя, не хочаце пэцкаць аб яго свае рукі, дык мы прыбяром яго. Лынькоў.
пэ́цнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да пэцкаць (у 1 знач.).
2. каго. Разм. Ударыць. Славік абразіўся таксама. Каб хто ў іншым месцы гэтак зняважліва пэцнуў па твары — не паглядзеў бы ні на ўзрост, ні на пасаду, ні на што. А тут прыйшлося змаўчаць. Шамякін.