Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пэ́ўна,

1. Прысл. да пэўны.

2. у знач. пабочн. Мабыць, мусіць, відаць. Марынка сэрцам адчувае, Што, пэўна, лішнія яны. Колас.

пэ́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пэўнага (у 2, 4–6 знач.).

пэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Дакладна вызначаны, прызначаны. Ліда атрымала некалькі мін, заведзеных на пэўны, вядома, позні час ночы. Кавалёў. [Тарыел і Тапурыя] ўгаварыліся сустрэцца на пэўным месцы, на паўднёвай ўскраіне лесу. Самуйлёнак.

2. Выразны, акрэслены, які склаўся канчаткова. Без пэўнай думкі расчыніў.. [Раман] у клуню вароты, зайшоў туды, агледзеў сцены, зірнуў на кучы саломы і выйшаў на двор. Колас. Назаўтра, пасля абходу, калі ўрач, таксама не сказаўшы нічога пэўнага, пайшоў з палаты, Лёдзя ўстала і падышла да жанчыны. Карпаў.

3. Некаторы, той ці іншы. У працы выяўлены пэўныя недахопы. □ Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

4. Перакананы ў чым‑н.; упэўнены. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Колас.

5. Такі, якому можна даверыцца; надзейны. [Алалоўнік] быў чалавекам пэўным у палітычным сэнсе... Бядуля. [Жэня:] — [Серада] абяцае завесці нас у найбольш пэўную схованку. Брыль.

6. Упэўнены, цвёрды. Спрактыкаваныя, пэўныя рукі паклалі пад рэйку адну з «мышаловак». Брыль.