пярві́чны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца першым, пачатковым звяном якой‑н. арганізацыі; нізавы. Пярвічныя партыйныя арганізацыі.
пярга́, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
Спец. Пылок кветак раслін, сабраны пчоламі, змочаны нектарам, пакладзены імі ў ячэйкі сотаў і заліты мёдам.
пярна́ч, пернача, м.
Гіст. Старажытная зброя або знак улады: булава, галоўка якой мае выгляд пёраў стралы. Атаманскі пярнач.
пяро́, ‑а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.
1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.
2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.
3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.
4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.
5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.
•••
Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.
Адным росчыркам пяра гл. росчырк.
Валодаць пяром гл. валодаць.
Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.
пярсцёнак, ‑нка, м.
Прадмет, звычайна з дарагога металу, у форме абадка, абруча, часта з каштоўнымі камянямі, які носіцца на пальцы як упрыгожанне ці як сімвал шлюбу. Панна Рузя часцей за ўсё стаіць каля белай кафлянай грубкі, залажыўшы назад сухія бяскроўныя рукі з пярсцёнкамі. Грэецца. Брыль. Я міжвольна зняў заручальны пярсцёнак з безыменнага пальца правай рукі і схаваў яго ў кішэню камізэлькі. Рамановіч.
пяру́н, перуна, м.
1. Аглушальны ўдар грому. Часцей забегала па хмары бліскавіца, мацней, дзесьці зусім блізка ўжо, стукаў пярун. Галавач. Заляскацелі перуны. Воддаль задымілася сасна, апаленая маланкай. Чарнышэвіч.
2. Бог грому і маланкі ва ўсходніх славян.
•••
Пярун яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (груб.) — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).
пярхо́та, ‑ы, ДМ ‑хоце, ж.
Разм. Сухі кашаль, пакашліванне ад перасыхання, раздражнення ў горле; перханне. [Антон Жывіцкі], каб задушыць кашаль, — зняў з шыі хустку і амаль цэлы дзень, аж пакуль не мінулася пярхота, заціскаў ёю рот і нос. М. Ткачоў.
пярху́н, перхуна, м.
Разм. Чалавек, які часта перхае.