пяро́, ‑а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.
1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.
2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.
3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.
4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.
5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.
•••
Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.
Адным росчыркам пяра гл. росчырк.
Валодаць пяром гл. валодаць.
Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)