пяле́гавацца, ‑гуецца; незак.
Зал. да пялегаваць.
пяле́гаваць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., каго-што.
Абл. Аддаваць шмат увагі каму‑, чаму‑н., любоўна даглядаць; песціць. Густыя светла-каштанавыя валасы, якіх.. [Чорны] ніколі не песціў і не пялегаваў, кучаравіліся самі сабой. Вітка.
пялёначны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пялёнкі, пялёнак.
пялёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Суцэльны покрыў (туману, дажджу, снегу, дыму і пад.), які завалаквае, зацягвае што‑н. з усіх бакоў. І вось цяпер.. [снег] адразу шчодра заслаў зямлю сваёй пушыстай пялёнкай. М. Ткачоў. Лёгкі марозік зацяг[в]аў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Колас.
2. Прасцінка для ўкручвання, спавівання грудных дзяцей. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі і шыла што-небудзь для дзіцяці. Шамякін.
•••
З пялёнак — з ранняга дзяцінства.
пялёсканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пялёскацца, а таксама гукі гэтага дзеяння. Раптам, зусім блізка, пачулася лёгкае пялёсканне. Стаховіч.
пялёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Ударацца аб што‑н., утвараючы пры гэтым шум; плюхацца (звычайна пра ваду). Мора ў гэты час было спакойнае і ляніва пялёскалася аб гальку. Паслядовіч. Голас замоўк, але ўсім здавалася, што ўсё яшчэ адказваюць, адгукаюцца яму і паплавы з шолахам дубоў, і Дняпро, што пялёскаўся ля берага. Караткевіч.
2. Рухацца, перамяшчацца ў вадзе, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. У недалёкай рачулцы пялёскаліся, відаць, качкі. Лынькоў.
3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. Каля.. [дачніц], з берага, пялёскаюцца і вішчаць ад захаплення іх дзеці. Васілевіч. З задавальненнем пялёскалася .. [Людміла] каля студні. Місько.
пялёстак, ‑тка, м.
Асобны лісток з вяночка кветкі. [Кветка] ўлюбёна падстаўляла сонцу свае чатыры шырокія глянцавітыя пялёсткі. Быкаў. Зося нахіляецца, зрывае рамонак, паволі шчып[а]е бялюткія пялёсткі. Шынклер.
пялёсткавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пялёстка. Пялёсткавая будова кветкі.
пя́льцы, ‑аў; адз.
Прыстасаванне для вышывання ў выглядзе рамы, на якую нацягваецца і замацоўваецца тканіна. [Дзіміна] пайшла, непрыкметна захапіўшы з тумбачкі кошык з вязаннем і пяльцы Веры Антонаўны. Карпаў.
пялю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Абл. Пялёнка (у 2 знач.). Міхал падступіўся да парадзіхі і адгарнуў пялюшку. Лужанін.