Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пясе́ц, пясца, м.

Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, якая мае каштоўнае футра. Блакітны пясец. // Футра гэтай жывёлы. Каўнер з пясца.

пяско́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пясочны (у 1, 2 знач.). Нібы ў гадзінніку пясковым, Плыве цурок драбніц-клапот. Жылка.

пясня́р, песняра, м.

Паэт. Пра выдатнага народнага паэта, вершы якога перакладаюцца на музыку, становяцца песнямі. Хлопцы і дзяўчаты падхоплівалі вершы .. песняроў і распаўсюджвалі іх вусна па ўсёй ваколіцы. Бядуля. // перан.; каго-чаго. Той, хто апявае, праслаўляе каго‑, што‑н. Пясняр рэвалюцыі. □ Дзень добры, друг, Наш бацька Колас — Народа нашага пясняр! Прыходзька.

пясня́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да пясняр.

пясня́рскі, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Які мае адносіны да песняра; такі, як у песняра. Пяснярская слава. Пяснярскі дар.

пясо́к, ‑ску, м.

1. Горная парода, якая складаецца з асобных вельмі дробных часцінак кварцу або іншых цвёрдых мінералаў. Жоўты пясок.

2. пераважна мн. (пяскі́, ‑оў). Вялікія масівы, прасторы такой пароды. Пяскі пустыні. // Пра глебу з вялікай колькасцю такой пароды. Пачынаецца пясок, на ім без краю хвойны лес. Чорны. — На нашых пясках не скора разбагацееш, — дапамагаў гараваць старшыні Антось Жыгалка. Дуброўскі.

•••

Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках, крышталіках у адрозненне ад рафінаду.

Пабудаваць на пяску гл. пабудаваць.

Пясок сыплецца з каго — пра вельмі старога, нядужага чалавека.

пясо́чнік, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і пясочніца (у 4 знач.).

2. Назва дзіцячага касцюма для гульняў з пяском.

пясо́чніца, ‑ы, ж.

1. Уст. Пасудзінка з пяском для пасыпання і высушвання напісанага чарнілам.

2. Уст. Урна, плявальніца з пяском.

3. У паравозе — скрынка з пяском, які аўтаматычна высыпаецца на рэйкі, калі пачынаюць буксаваць колы. У збірацца на пад’ём было цяжка, колы зноў і зноў буксавалі, і Аляксею ўвесь час прыходзілася ўключаць пясочніцу. Васілёнак.

4. Разм. Скрынка з пяском для дзіцячых гульняў. Няшчасце Віцева было ў тым, што Пеця, рыжы Пеця, з якім яны калісьці разам гулялі ў адной пясочніцы,.. гэты самы Пеця не даў яму першаму запусціць змея. Хомчанка.

пясо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для пяску. Пясочная скрынка.

2. Шэра-жоўтага колеру. Плашч пясочнага колеру.

3. Прыгатаваны з сухога, рассыпістага цеста. Пясочнае пірожнае.

•••

Пясочны гадзіннік гл. гадзіннік.

пясо́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Разм. Рэзка крытыкаваць, прабіраць, сварыцца.