Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пух 1, ‑у, м.

Вельмі дробныя, мяккія, тонкія валаскі на целе птушак, жывёл. Гусіны пух. Казіны пух. □ Праз некаторы час бераг пакрыўся пер’ем, як снегам, а пух насіўся воблакам. Маўр. // Мяккія кароткія валасы на твары, шыі, галаве чалавека. Тварам дзіцё горкае, белы пух пад носам, затое ў плячах ды ростам — рэдкі мужчына зраўняецца. Карамазаў. // Валаскі на насенні раслін, на паверхні сцябла або ліста. Брыгада, як адна сям’я, ішла па завадскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Шамякін. Пальчыкі згарнуліся ў кулачок, ад кволай кветкі засталося ў ім трошкі пуху. Брыль.

•••

Ні пуху ні пер’я! — нежаданне удачы, поспеху.

У пух і прах — зусім, канчаткова (разбіць, разнесці і пад.).

пух 2, выкл.

Разм. Слова, якое перадае гук стрэлу або падобны на яго.

пухаві́к, ‑а, м.

Пуховая пярына. А Раіса старалася. Як яна ўзбівала падушкі, пухавікі, каб Сашу было мякка спаць, як, не шкадуючы, выкідвала з камода новыя просціны, коўдру, каб пасцель была свежай і чыстай! Навуменка.

пухае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Бяскрылае насякомае-паразіт, якое корміцца пухам і валасамі, паразітуючы на птушках, радзей на іншых жывёлах.

пухі́р, ‑а, м.

1. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння, укусу і пад.). На далонях ускочылі і палопаліся вадзяныя пухіры. Грахоўскі. [Мароз:] — Не быў жа я такі, не было ў мяне гэтай мяшчанскай далікатнай скуры, на якой ад дотыку крапівы ўсхопліваюцца пухіры. Лобан.

2. Тое, што і пузыр (у 1 знач.). Пачуць ён хоча голас мужны, Махнуць рукой на цёмны вір, Бо ў ім ты — бурбалка-пухір, Пакуль пануе звон ланцужны. Колас. Хваля.. разбіваецца з шумам, уся ў белых пухірах, якія растаюць у момант, і цяпер там, дзе былі яны, блакітны вір вады. М. Стральцоў.

пухі́рысты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты пухірамі, з пухірамі; пузырысты.

пу́хкі, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, лёгкі, пушысты. Пухкая падушка. □ [Снег] ападаў на зямлю белай і пухкай коўдрай, дзе-нідзе між кустоў насыпаў гурбы. Гроднеў. [Юзік] падаўся назад, зачапіўся за нешта і мякка сеў у пухкі пясок. Адамчык.

2. Тое, што і пухлы. Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжалі ад крыўды. Мележ.

пухлава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі, злёгку пухлы. Пухлаватыя рукі. □ Акінуўшы позіркам крыху дзіцячы выраз твару паэта з добрымі, даверлівымі вачыма і пухлаватымі вуснамі, цяжка было даць веры, што перад табой умелы канспіратар. Лужанін.

пу́хласць, ‑і, ж.

Уласцівасць пухлага.

пухлі́на, ‑ы, ж.

Хваравітае ўздуцце тканак арганізма. Недагледжаная рана гнаілася, вакол яе распаўзлася чырвоная пухліна. Арабей. Пухліна пайшла ад капытоў скрозь па нагах. Чорны. // Ненармальнае разрастанне тканкі якога‑н. органа. Дабраякасная пухліна. Злаякасная пухліна.

пухлі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пухліны. Пухлінны працэс. Пухліннае захворванне. Пухлінныя клеткі.