Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пу́га, ‑і, ДМ пузе, ж.

Прымацаваны да палкі кавалак вяроўкі або сырамяці, якім паганяюць жывёлу. Сымон сеў на перадок, махнуў пугай, і Пярэстая амаль з месца пайшла трухам. Чарнышэвіч. Ездавы пярэдняй павозкі размахваў пугаю і крычаў штосьці на каняку. Мележ.

•••

Як пугаю па вадзе — без пэўнага выніку, без знаку.

пугаўё, ‑я, н.

Дзяржанне пугі; пужальна. Фурман стаяў перад нартамі, трымаючы ў левай руцэ вялікія рукавіцы з аўчыны, а ў правай сырамятную пугу на доўгім бамбукавым пугаўі. Брыль. [Зміцер] трымае ў руцэ пугаўё, а пуга, як доўгая тонкая змяя, цягнецца па гразі. Чарнышэвіч.

пуга́ч ​1, ‑а, м.

Цацачны пісталет, які страляе пістонамі або коркам.

пуга́ч ​2, ‑а, м.

Драпежная начная птушка атрада соў. Дзесьці вухкаў пугач, яго дзікі крык гулка разносіўся па сонным лесе. Шашкоў.

пугачо́ў, ‑чова.

Які належыць пугачу ​2. Пугачова вока.