пужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Наводзіць страх, палохаць. Пукатыя вочы, крывая дзюба [пугача] нават цяпер пужаюць. Маўр. Вецер гойсае па пушчы і галлё сухое трушчыць, птушанят малых пужае на яліне у гняздзе. Грахоўскі. // Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., страшыць кім‑, чым‑н. Пужаць дзяцей бабай-ягой. □ Словы «генеральная рэпетыцыя» здаваліся сялянам нейкім страшыдлам, ім нават пужалі дзяцей. Пшыркоў. // Выклікаць трывогу. Работа не пужала мяне, а пужала беспрасветнасць яе. Скрыган. [Доктар:] — Але скажу вам, што жанчына, якая ніколі не плача, мяне пужае і.. замарожвае. Васілевіч.

2. Спужаўшы, прымушаць падняцца з месца, пабегчы, паляцець. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу .. — Ізноў нехта бусла пужае... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)