пе́на, ‑ы, ж.
1. Непразрыстая, лёгкая пузырыстая маса, якая ўтвараецца на паверхні некаторых вадкасцей ад калыхання, узбоўтвання, награвання, браджэння і пад. Хвалі раўнамерна набягаюць на бераг, пакідаючы на пяску пушыстыя шматкі белай пены. В. Вольскі. Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену. Шамякін. [Пан] Застаўляе стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала.
2. Пузырыстая лёгкая маса, утвораная растворам мыла. Мыльная пена. // перан. Што‑н. вельмі лёгкае, падобнае на такую масу. Сяджу на пні. Ногі па калені тонуць у ружовай пене верасу. Ігнаценка.
3. Пот у выглядзе белых камякоў, які выступае ад стомленасці ў некаторых жывёлін. // Густая белаватая з пузыркамі сліна, якая выступае на губах пры некаторых хваробах, моцным хваляванні і пад.
•••
З пенай на губах — у гневе, шаленстве, раз’юшанасці.
пена...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая 1) адпавядае па значэнню слову «пена», напрыклад: пенагенератар, пенатушыцель; 2) надае слову значэнне: атрыманы шляхам змешвання з пенай, напрыклад: пенабетон, пенашкло, пенапласт.
пена́л, ‑а, м.
Падоўжная скрынка, футарал для ручак, алоўкаў, гумак і пад.
[Ад лац. penna — пяро.]
пена́льці, нескл., м.
У футболе — штрафны ўдар па варотах праціўніка з адлегласці 11 метраў.
[Англ. penalty.]
пенапла́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Пластмаса з вялікай колькасцю пораў і поласцей.
пенасіліка́т, ‑у, М ‑каце, м.
Будаўнічы матэрыял з вапны і молатага пяску; порысты бетон.
пенасіліка́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пенасілікату.
пена́ты, ‑аў; адз. няма.
Уст. Родны дом, родны кут, дамашні ачаг.
[Ад лац. Penates — багі дамашняга ачага.]
пе́начка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Невялічкая пеўчая птушка атрада вераб’іных з зеленавата-бурым апярэннем, якая гняздзіцца звычайна на зямлі.