пе́ша, прысл.
Пяшком, пехатой. — Ну, таварышы, злазьце, — сказаў шафёр пасажырам. — Далей пеша, а мне трэба вяртацца. Новікаў. Ні конна, ні пеша ніхто не пралезе. Згубілася сцежка у Вокаўскім лесе. Вялюгін.
пешахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Чалавек, які ідзе пяшком; пешы чалавек. Па тратуарах... праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Дар’я Сяргееўна пільна.. перабірае вачамі ўсіх пешаходаў, што ідуць туды і насустрач. Ракітны.
пешахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пешахода. Пешаходны паток. // Па якім можна хадзіць толькі пяшком. Пешаходны мосцік. □ З вёскі цераз узгорак, праз поле і хмызняк, вілася пешаходная сцежка. Чорны. // Які ажыццяўляецца пяшком. Пешаходная прагулка.
пе́шачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пешкі (у 1 знач.). Пешачная атака. Пешачны дэбют.
пе́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. У шахматнай гульні — самая нізкая па свайму значэнню фігура. Хадзіць пешкай. □ Пешка рухалася няўмольна ўперад і на 8‑й гарызанталі рабілася ферзём. «Маладосць».
2. перан. Пра малазначнага і несамастойнага ў сваіх дзеяннях чалавека. [Мацей:] — А цяпер? Хто вы цяпер? Пешкі, чурбаны, халуі. Шамякін. [Антон:] — [Шылкін] і ўпэўнены, і самастойны, і справядлівы. Няхай! Толькі ж і Антон яму не пешка. Ён — старшыня. Савіцкі.
пе́шкам, прысл.
Разм. Пяшком. Салдат то пешкам ішоў, то ехаў, як траплялася. Чорны.
пе́шкі, прысл.
Разм. Пеша, пяшком. Тым, хто меў сваіх валоў і коней, дазволілі ехаць на вазах, астатнія мусілі ісці пешкі. Сачанка.
пе́шня, ‑і, ж.
Лом з драўляным дзяржаннем для прабівання лёду.
пе́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад песціць (у 1–3 знач.).
2. у знач. прым. Капрызны, распешчаны. Пешчанае дзіця.
пе́шшу, прысл.
Разм. Пяшком. Байцы ішлі пешшу, і ўсё на ўсход, на ўсход. Васілеўская. Па малінаўскай вуліцы нельга было ні пешшу прайсці, ні з возам праехаць. Чарнышэвіч.