пейза́ж, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, краявід. Лясны пейзаж. Пейзаж позняй восені. □ Парадзеў, рассунуўся цяжкі і сляпы змрок, выпускаючы з свае няволі тонкія празрыстыя абрысы зімняга пейзажу. Колас. Але мы ішлі, ішлі. Прыгнятаў яшчэ бясконца аднастайны пейзаж. С. Александровіч.
2. ‑а. Малюнак краявіду. Выстаўка пейзажаў вядомага мастака. Намаляваць пейзаж. // Апісанне краявіду ў творах мастацкай літаратуры. Палескія пейзажы ў творах Я. Коласа. □ Пейзажы ў літаратурных твораў выхоўваюць у чытачоў любоў да роднай прыроды і айчыны, вучаць бачыць і адчуваць красу лясоў, палёў, рэк і азёр. А. Макарэвіч.
3. ‑а. Адзін з жанраў мастацкага жывапісу. Лірычны пейзаж. Індустрыяльны пейзаж.
[Фр. paysage.]
пейза́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пейзажа, пейзажу. Пейзажныя замалёўкі. □ Вяршыняй пейзажнай лірыкі паэта [М. Багдановіча] і сталі яго вершы, поўныя паэтывацыі велічнага яднання чалавека, узнёслага душой і думкамі, з «чароўным царствам» зразуметай ім прыроды. Лойка.
пейзажы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Мастак — майстар пейзажа.
пейзажы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да пейзажыст.
пейза́н, ‑а, м.
Селянін, які паказаны ідылічна ў мастацкай літаратуры, жывапісе, тэатры 18–19 стст. А жанчыны спявалі. А я глядзеў на іхнія прыгожыя твары, на іх ільняныя або чорныя як смоль (сярэдняга не было) косы, на іхнія ўборы і думаў, што гэта дзіва як добра. Таму што гэтыя шнуроўкі і андаракі былі не ад оперных пейзан у лапціках, а было гэта заўсёды так. Караткевіч.
пейза́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да пейзан.
пейза́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пейзана, належыць, уласцівы яму. Пейзанскія касцюмы.