пе́на, ‑ы, ж.

1. Непразрыстая, лёгкая пузырыстая маса, якая ўтвараецца на паверхні некаторых вадкасцей ад калыхання, узбоўтвання, награвання, браджэння і пад. Хвалі раўнамерна набягаюць на бераг, пакідаючы на пяску пушыстыя шматкі белай пены. В. Вольскі. Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену. Шамякін. [Пан] Застаўляе стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала.

2. Пузырыстая лёгкая маса, утвораная растворам мыла. Мыльная пена. // перан. Што‑н. вельмі лёгкае, падобнае на такую масу. Сяджу на пні. Ногі па калені тонуць у ружовай пене верасу. Ігнаценка.

3. Пот у выглядзе белых камякоў, які выступае ад стомленасці ў некаторых жывёлін. // Густая белаватая з пузыркамі сліна, якая выступае на губах пры некаторых хваробах, моцным хваляванні і пад.

•••

З пенай на губах — у гневе, шаленстве, раз’юшанасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)